ЁСЦЬ ПЕРШАЯ ТЫСЯЧА ТОН!

Прыйшоў час пазнаёміць чытача з экіпажам, які першым у раёне намалаціў тысячу тон зерня. Гэта бацька Анатоль Міхайлавіч Фацік з сынам Сяргеем з КСУП “Батвінава”. Сямейны тандэм ужо пэўны час займае першы радок на раённай Дошцы Гонару. Для Анатоля Міхайлавіча быць лідэрам не ў навіну. Мінулым годам дбайны камбайнер таксама першым на Чачэршчыне намалаціў тысячу тон зерня. А зараз дапамагае яму сын, які месяц таму вярнуўся з арміі.
Словы ўдзячнасці за плённую працу хлебаробам выказаў член прэзідыума абласнога аб’яднання прафсаюза, старшыня прафкама Гомельскага аддзялення Беларускай чыгункі Мікалай Рыгоравіч Карась. Бацьку ўручылі DVD-плэер, а сыну — электрычны прас. Моцнарукім перадавікам жніва паціснулі і з дасягненнем павіншавалі сялян кіраўнік сельгаспрадпрыемства У.І. Кебікаў і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК А.М. Мажаеў.
Лісты падзякі і каштоўныя падарункі героям жніва ўручылі таксама старшыня райвыканкама І.І.Ком, старшыня абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК М.І.Стадчанка, намеснік старшыні райвыканкама П.В.Несцяровіч. У гонар хлебаробаў гучалі над жніўным полем мілагучныя песні.