У ГАРАЧУЮ ПАРУ ГОРАЧА ЎСІМ
Разбор формы 12 адбыўся на гэты раз на базе КСУП “Палессе”. Былі наведаны мехдвор і ферма “Балсуны”. Усе адзначылі, што пры новым кіраўніку сталі заўважны пэўныя перамены ў лепшы бок. Гэта павелічэнне надояў і ўраджайнасці, павышэнне адказнасці спецыялістаў і радавых работнікаў, наладжванне дысцыпліны і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Для жывёлаводаў ствараюцца спрыяльныя сацыяльна-бытавыя ўмовы. Так, на тэрыторыі МТФ з”явілася вось такая прыгожая і ўтульная альтанка, абазначана месца для курэння, маецца душавая, рыхтуецца да рамонту кабінет асеменатара і загадчыцы фермы. А для цялятак ва ўзросце ад 3-х да 6-ці месяцаў пабудаваны новыя загоны і інш.
У цэлым жа работа агрампрамысловага комплеску за мінулыя 7 месяцаў прызнана двуякай. Ёсць і поспехі, і недахопы. Шмат заўваг паступіла ў бок кіраўнікоў гаспадарак “Вазнясенск”, “Роўкавічы”, “Батвінава”. Не ўсе жывёлаводы выканалі прагнозныя паказчыкі па валаваму надою малака. На адну карову за гэты перыяд надоена па раёну 2290 кілаграмаў. Лідыруюць 3 сельгаспрадпрыемствы: філіял “Прыазёрны” – 2778 кг, ААТ “Отар” – 2642, КСУП “Вазнясенск” – 2611. У многіх гаспадарках адзначаецца высокі сабекошт прадукцыі, нізкія ацёлы. На ферме в.Залаўе КСУП “Роўкавічы” цяляты “купаюца” ў гразі, што было паказана на слайдах мультымедыйнага суправаджэння. У КСУП “Вазнясенск” не створаны належныя ўмовы для асемянення жывёлы.
Закраналіся таксама пытанні па палявых работах, па ахове працы, выплаты заработнай платы, па механізацыі і кармленні жывёлы. Начальнік райсельгасхарчу А.Чарненка патрабаваў у абавязковым парадку выкарыстоўваць у рацыёне кармлення БРЖ паўнацэнныя камбікармы, мець у наяўнасці на пашах соль, мел, выдзяляць каровам цукар.
Як сказаў старшыня райвыканкама І.Ком, трэба кожнаму з кіраўнікоў прадумаць пытанне пераходу на круглагадзічнае ўтрыманне жывёлы, а для гэтага мець аднатыпны палутарагадовы запас кармоў.
На сённяшні дзень планавалася выйсці на паказчык 90-92% па ўборцы зерневых. “Камбайны не павінны спыняцца нават пад час абеду, — заўважыў Іван Іванавіч. — Камбанёр абедае – памочнік працуе, і наадварот. Толькі так і не інакш”.
Гаварылася таксама аб своечасовай уборцы саломы і інш.