ЗА ЧЫСЦІНЮ – РАЗАМ
Санітарнае становішча і парадак на тэрыторыі Ленінскага сельсавета вывучала аналагічная дэлегацыя на чале са старшынёй райсавета дэпутатаў С.Малюковым і намеснікам старшыні райвыканкама П.Несцяровічам.
У цэлым была адзначана вялікая праведзеная работа па добраўпарадкаванню вёсак і вытворчых тэрыторый. На звароты мясцовай улады многія жыхары адрэагавалі станоўча і пафарбавалі фасады домаўладанняў, замянілі агароджы, высадзілі кветкі, некаторыя вяскоўцы ўстанавілі каля падворкаў малыя архітэктурныя формы. Як было заўважана, асаблівы клопат пра ўласнае праяўляюць дачнікі, а вось тыя кватэраздымшчыкі, што жывуць у ведамасных катэджах, адносяцца да свайго жытла ў большасці неахайна. Як паведаміла старшыня сельсавету А.Карпенка, на працягу года двойчы, а то і тры разы падкошвалася трава на вясковых могілках, пайшлі пад бульдозер дзевяць трухлявых пабудоў, каля вадаёмаў устаноўлены дзве зоны адпачынку. Удзельнікі мерапрыемства наведалі купель, якая нядаўна пачала афіцыйна дзейнічаць у аграгарадку Вазнясенскі і стала сваеасаблівай візітнай карткай населенага пункту. З добрага боку адзначаны адказныя за вёскі, у тым ліку словы падзякі прагучалі ў адрас КСУП “Вазнясенск”, школы, ОСП “Чачэрскае”, раённых вузлоў паштовай і электрычнай сувязі. А маляўніча аформленыя каптажы шахтных калодзежаў у в.Новыя Малынічы, над архітэктурай якіх сумленна і з душой папрацавалі педагогі гімназіі г.Чачэрска, сталі яркім вулічным упрыгожваннем і адметным вясковым дызайнам.
Разам з тым, як адзначыла Алена Аляксееўна, зараслі і ператварыліся ў пустэчу, не знайшлі карыснага прымянення землі, вызваленыя пасля ліквідацыі старых пабудоў. Цяпер яны даюць волю росту маладому кустарніку і пагражаюць запаланіць сабой урадлівыя глебы сельгасугоддзяў. На падвядзенні вынікаў аб’езду былі зроблены асобныя заўвагі, прыняты пэўныя рашэнні і пастаўлены канкрэтныя планы з мэтай навядзення парадку на замацаваных тэрыторыях. Сяргей Аляксандравіч агучыў канчатковы тэрмін для выпраўлення сітуацыі, і ўжо 11 верасня Ленінскі сельскі Савет павінен прадстаць у новым бездакорным абліччы.
