ЗА МУЖНАСЦЬ І АДВАГУ!
Сваім шчаслівым жыццём чачаране і ўсе жыхары Беларусі абавязаны высокаму гераічнаму подзвігу салдат-вызваліцеляў. Многія з іх не вярнуліся жывымі, але памяць пра іх не згасае. У гонар гэтай памяці ў мінулую пятніцу ў г.Гомелі адбыўся мітынг. Згодна Указу Прэзідэнта РБ ад 29 ліпеня горад Гомель быў узнагароджаны вымпелам “За мужнасць і трываласць у гады Вялікай Айчыннай вайны” і Ганаровай граматай. Адкрыў мерапрыемства старшыня аблвыканкама А.С.Якабсон. “Гомель заслужыў такое пачэснае права – быць абладальнікам гэтага знака, — сказаў у сваім выступленні Аляксандр Серафімавіч. – Гэта знамянальная падзея для ўсіх гамяльчан, прызнанне мужнасці і адвагі нашых землякоў, усіх абаронцаў Радзімы. Як бязмежная падзяка жывым і мёртвым за неўміручы подзвіг – сённяшняя ўвага ветэранам і памяць аб мінулым. Няхай жа наш горад стане яшчэ прыгажэйшым і будзе ўтульным домам для ўсіх пакаленняў”.
На мітынгу выступіў ваенны лётчык, Герой Савецкага Саюза, ветэран вайны Рыгор Кірылавіч Дзенісенка і прадстаўнік ад моладзі.