Дзіцячай школе мастацтваў – 55!
Урачыстае, трапяткое і душэўнае свята сабрала выкладчыкаў і выхаванцаў дзіцячай школы мастацтваў, бацькоў рабят у раённым Доме культуры – установа адукацыі адзначыла 55-годдзе з дня заснавання.
Гісторыя стварэння ДШМ мае свой пачатак і багаты, удачлівы шлях. Сёння цяжка ўявіць, што ў 1967 годзе тут дзейнічала ўсяго 2 аддзяленні – фартэпіяннае і народнае з колькасцю навучэнцаў 74 чалавекі. Першым выкладчыкам быў Аляксандр Кругавых. На перыяд першай дзесяцігодкі ў школе мелася ўжо 13 класных кабінетаў, бібліятэка. Запрацавалі філіялы ў Роўкавічах, Нісімкавічах і Халоччы. Адным з кіраўнікоў школы быў Мікалай Яроменка. Менавіта тады і закіпела работа па прапагандзе музычнага мастацтва. Да справы далучалі спецыялістаў з Маладзечна, пачалі ствараць мужчынскія і жаночыя ансамблі ў калектывах: вінзавод, дзіцячы садок №4, ПМК-118, КБА і інш. У 1972-м заспяваў роўкавіцкі хор з ліку сяльгаснікаў і мясцовых жыхароў, дзіцячы, а потым выйшлі на публіку і працаўнікі калгаса «Сцяг камунізму». Праявілі зайздросны сцэнічны талент медыцынскія работнікі. У 1982 годзе ўстанову адукацыі ўзначаліла Зінаіда Яроменка, а ў 1995-м дзяцей сталі навучаць пластыцы і грацыі. Былі створаны аркестр народных інструментаў, вакальны ансамбль і жаночы квартэт.
Ішоў час, папаўняўся і кадравы персанал. Адзін за другім уліліся ў калектыў спецыялісты з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй Ганна Піліпенка, якая сёння кантралюе дзейнасць ДШМ і садзейнічае раскрыццю творчага таленту выхаванцаў, і Алена Басаргіна. Доўгі час далучалі рабят да высокага мастацтва Раіса Рыбянчанка, Лідзія Пярынская і Людміла Кузняцова. У дружнай камандзе музыкаведаў і іншых выкладчыкаў вопытныя прафесіяналы Алег Брыцікаў, Аляксей Кулеш, Вольга Самусева, Таццяна Станкевіч, Арцём Гулевіч, Дзіана Корхава, Марыя Акінша, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Алена Фенік і іншыя. Многія з іх – выпускнікі школы.

Паўстагоддзя з лішкам для чалавека – большая частка жыцця, а для дзіцячай школы мастацтваў – самы росквіт. Няхай жа ўсё задуманае здзейсніцца, не сціхае музыка ў класах і душы кожнага, хто ўзяў у рукі музычны інструмент і разгарнуў ноты. Са святам!
