Сувенірная лаўка запрашае

Нядаўна ў цэнтры рамёстваў, этнаграфіі і фальклору адкрылася сувенірная лаўка, дзе на шырокі продаж выстаўлены цікавыя работы мясцовых народных умельцаў.

Усё, што старанна і з любоўю выраблена рукамі таленавітых майстрыц Святланы Чвыровай, Галіны Лімантавай і Святланы Латуцінай, цяпер можна без праблем набыць і падараваць родным, калегам і знаёмым на любое свята. Такі падарунак будзе дарэчы і для сяброў з блізкага і далёкага замежжа, куды хутка адправяцца на летні адпачынак чачэрскія школьнікі. У вялікім асартыменце выкананыя ў беларускім стылі куклы-абярэгі, што захоўваюць чалавека ад хвароб і нястачы, прыгожыя вырабы з лазы і саломкі, разнастайныя скарбонкі і вазачкі для хатняга інтэр’ера, упрыгожаныя нацыянальнымі сімваламі Беларусі. Будуць даспабоды наведвальнікам стаўшыя ў апошні час папулярнымі лялькі-тыльды і іншая тэматычная атрыбутыка на любы кошт і густ.

Для аматараў даўніны і прыхільнікаў свайго, традыцыйнага – выцінанка ад Таццяны Кірушкінай: мудрагелістыя кветкавыя рэпрадукцыі, біблейскія сюжэты, фрагменты святаў праваслаўнага каляндара. Па жаданні жанчыны падрыхтуюць вялікія і малыя кампазіцыі сямейна-бытавых сцэн, персанажаў з традыцыйнай міфалогіі, па абрадам і звычаям беларусаў. Ад папяровага голуба да вядомых герояў народных казак і беларускіх павер’яў – у самых яркіх вобразах, з фантазіяй і выдумкай.

Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика