Кнігі і часопісы з дастаўкай на дом
Кніга па-ранейшаму застаецца запатрабаваным сродкам правядзення вольнага часу. Штотыднёва бібліёбус загружаецца неабходнай літаратурай і выязджае на вёску, каб даставіць сяльчанам іх любімыя выданні.
У горадзе таксама для аматараў чытання, якія па стану здароўя не могуць выйсці на вуліцу, работнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі арганізавалі дастаўку літаратуры і часопісаў. Такая паслуга аказваецца бясплатна. Пенсіянеры і інваліды, якім цяжка рухацца, могуць проста патэлефанаваць і зрабіць заказ.
Такой магчымасцю з задавальненнем карыстаецца чачаранка Тамара Драбышэўская. Да выхаду на заслужаны адпачынак Тамара Васільеўна 18 гадоў працавала вышывальшчыцай на фабрыцы мастацкіх вырабаў. Але раптам апанавала хвароба і жанчына вымушана была пакінуць работу. І ўсё ж, маючы 2-ю групу інваліднасці, яшчэ 14 гадоў працягвала вышываць і прыносіць карысць прадпрыемству. Не ў лепшым стане яе самаадчуванне і сёння. Пенсіянерка прайшла цяжкі курс лячэння і пакуль што вымушана прытрымлівацца строгага хатняга рэжыму. Бавіць час ёй дапамагае любімы занятак, бо чытаць Тамара Васільеўна любіла з маленства. Дома маецца ўласнае сабранне кніг, якія жанчына перагартала ўжо не адзін раз. Чачаранка захапляецца дэтэктывамі, сюжэтамі вясковага жыцця, ваеннай тэматыкай. Дапамога перасоўнай бібліятэкі зараз вельмі дарэчы хвораму сталаму чалавеку. З цікавасцю праглядвае прывезеную літаратуру і яе праўнучка Даша. Дзяўчынка прыехала ў госці з Мінску і, пабавіўшыся ў лялькі, адкінуўшы ў бок анлайн-гульні, перад сном ёй так прыемна паслухаць з бабуліных вуснаў чароўную народную казку.
У Чачэрску паслугамі надомнай дастаўкі кніг карыстаецца каля 15 чалавек. Бібліятэкары загадзя складаюць спіс заяўленай літаратуры і аператыўна, з гатоўнасцю заахвочваюць просьбы і пажаданні насельніцтва. Калі нехта жадае стаць абанентам бібліятэкі, тэлефануйце па нумары 7-85-69. І чакайце, калі ў дзверы вашай хаты пастукае кніга.
В.БАГДАНОВІЧ.
