СТВАРАЮЦЬ УТУЛЬНАСЦЬ І ПРЫГАЖОСЦЬ
Напярэдадні 850-годдзя заснавання г.Чачэрска райцэнтр нагадвае велізарную будаўнічую пляцоўку. Хутка будуць панаваць прыгажосць і дагледжанасць і на многіх аб’ектах сферы культуры. Ажыццяўляецца рэканструкцыя гарадскога парка, амфітэатра, дзіцячага гарадка. Ды і будынкі некаторых устаноў культуры як у горадзе, так і на сяле вось-вось зменяць свой знешні выгляд. Зараз выконваецца рамонт фасада і памяшканняў гарадскога Дома культуры, аналагічныя работы завяршаюцца ў Залескім кінаканцэртным цэнтры. А ў рамках падрыхтоўкі да зімы ў Нісімкавіцкім цэнтральным сельскім Доме культуры выконваецца замена сістэмы цеплазабеспячэння і ўстаноўка вакон ПВХ. Выдзелены фінансавыя сродкі на будаўніцтва кацельні для Бяляеўскага ЦСДК. Праектна-каштарысная дакументацыя на гэты аб’ект знаходзіцца на экспертызе.
