У Матнявічах стварылі экскурсійны маршрут. Яго адзначылі на абласным форуме

Праект «Матнявічы – край азёраў», падрыхтаваны вучнямі мясцовай школы, патрапіў у тройку лепшых на форуме «Лідары XXI cтагоддзя», што арганізаваў Гомельскі абласны палац творчасці дзяцей і моладзі. Усяго ў конкурсе ўдзельнічалі 32 ініцыятывы з розных куткоў рэгіёна.

– На форум патрапілі даволі нечакана, – згадвае педагог Ганна Еўдакіменка. – Калі нам прапанавалі паўдзельнічаць у конкурсе, мы вырашылі прадставіць праект «Матнявічы – край азёраў», наш экскурсійны маршрут. У нас цячэ ручэй Мутнянка, які мясцовыя жыхары звычайна называюць рэчкай. Калісьці на яе берагах і ўзнікла нашая вёска. У другой палове XX-га стагоддзя тут зрабілі некалькі прудоў-сажалак. Іх вяскоўцы лічаць азёрамі. Адтуль і атрымаў назву маршрут. Для нас ён мае вялікае краязнаўчае значэнне: калі вядзем па ім дзяцей, паказваем, дзе ўзніклі Матнявічы, як і чаму яны разрасталіся.

У апошнія гады мы з дзецьмі сканцэнтраваліся на вывучэнні нашых крыніц. У гэтым нам шмат дапамагалі жыхары вёскі: некаторыя яны паказалі, іншыя намалявалі на мапе. Некалькі з іх захавалася. Аднавілі і нашую святую крыніцу.

 Доўгія гады вяскоўцы хадзілі туды маліцца, неслі кветкі, там стаяў крыж: лічылася, што гэтая вада цудадзейная. Але яе затапіла праз збудаваную бабрамі плаціну, пасля разбурэння якой ключ ужо не захаваўся, а яго тэрыторыя зарасла і стала цяжка дасяжнай.

Аднак хутка па плыні зявілася новая крыніца. Там паставілі бятоннае кальцо. На гэтым месцы Сельсавет і Лясгас аднавілі святую крыніцу. Нам дужа дапамог чачаранін Аляксандр Гапеенка, які даў рух гэтай історыі, звярнуўшы на яе ўвагу мясцовых уладаў. На Пакровы ў 2020-м яе асвяціў бацюшка. Цяпер людзі прыходзяць туды набраць вады, памаліцца.

Пра гэтыя мясціны мы сабралі шмат інфармацыі і вырашылі яе неяк выкарыстаць, давесці да насельніцтва. Зрабілі маршрут, у якім атрымалася столькі звезтак, што ён цікавы для ўсяго раёна, а не толькі матнявіцкіх дзяцей. У чэрвені мы запрашалі на экскурсію вучняў з розных устаноў – адгукнуліся ў школе №2.

Экскурсія цікавая не толькі гісторыяй. У нас багата птушак, на якіх тт можна паглядзець у бінокль і нават скарыстацца іх вызначальнікам, што мы маем. На ўскраіне Матнявічаў, у лесе, знаходзіцца магіла салдата Серыкава. Там мы распавядаем пра ваенную гісторыю нашай вёскі і суседніх Рэпішчаў, якія амаль паўтарылі лёс Хатыні.

На маршруце плануем зрабіць інфармацыйныя стэнды. Таксама cтварылі электронны даведнік на базе Google My Maps. Калі хтосьці завітае ў Матнявічы, ён можа па QRкодзе атрымаць звесткі пра маршрут і прайсці яго самастойна. Гэта якраз і стала падмуркам нашага праекту: у нас ёсць інфармацыйная частка, а афармлення стэндамі няма.

Мы зрабілі прэзентацыю з ўсёй інфармацыяй і фотаздымкамі. Праект мне давялося абараняць самастойна, бо дзеці адпачывалі на канікулах. Назваць аўтарам кагосьці аднаго нельга: у нас цэлая каманда даследчыкаў. Звычайна вучні займаюцца гэтым гуртком. Мяркуем, што яны будуць і экскурсаводамі. Плануем падрыхтаваць некалькі чалавек: калі дзеці распавядаюць самі, у іх гэта атрымліаецца эмацыйна, бо ім давялося шмат працаваць у гэтых мясцінах.

Так, гэта менавіта самакіраванне. Мы намагаемся развіваць дзяцей  такім кірунку. Калі трэба зрабіць нейкае даследаванне, ужо вельмі лёгка з імі дамаўляемся. Прыходзім на аб’ект – яны ўжо самастойна збіраюць інфармацыю і фатаграфуюць.

Даследаванні не спыняюцца. У Матнявічах ёсць яшчэ адна крыніца, якая таксама мае добрае цэментнае кальцо. Будзем вывучаць яе – калі вада там добрая, плануем уладкаваць мясцовасць: накрыць ключ, зрабіць дарожку. Гэтае месца можа стаць новым пунктам маршрута і абектам для забеспячэння насельніцтва вадой. Увасобім гэта ў жыццё, калі атрымаецца рэалізаваць наш праект.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика