Добры тэмп набліжае да фінішу
Увесь светлавы дзень працаўнікі сяльгаспрадпрыемства «Звязда» занятыя ў полі на нарыхтоўцы кукурузы на сілас. Сёлета каралева палёў размясцілася на 1597 гектарах.
Выдатны тэмп дазваляе аграрыям ужо ў найбліжэйшы час скончыць усе справы. На касьбе занятыя два КВК-800 пад кіраваннем Аляксея Нарушава і маладога механізатара Максіма Макарэвіча. На іх рахунку нарыхтавана 7075 і 6406 тон здробненай масы адпаведна. Для Аляксея – інжынера гаспадаркі – садзіцца за штурвал сталёвага карабля не ўпершыню. Граматны спецыяліст на кожным працоўным участку гатовы падставіць плячо таварышам. Стараннасці і аптымізму не займаць і Максіму. Нягледзячы на маладосць, мужчына з адказнасцю ставіцца да выканання ўскладзеных на яго абавязкаў. Штодня на адвозцы здробненай масы да траншэй занята шэсць трактароў. На новенькім МТЗ-1221 умела спраўляецца механізатар Аляксандр Дашкоўскі. І хоць у сяльгаспрадпрыемстве мужчына ўсяго нічога, але ўпэўнена ўвайшоў у лідары. На яго рахунку 3550 тон, дастаўленых у сіласныя траншэі. Выхадзец са Светлагорска з радасцю адгукнуўся на прапанову кіраўніка гаспадаркі папоўніць рады сельскіх працаўнікоў. Сяльгаспрадпрыемства вылучыла яму жыллё, забяспечыла працай і жонку: Алена спрытна варочае даільным апаратам на МТФ «Покаць». Бездакорна выконваецца тэхналогія нарыхтоўкі. А гэта значыць, што забяспечваецца якасны рацыён для буйной рагатай жывёлы.
