Ці ёсць у Чачэрску нязручныя бардзюры?
На фота пад’езд з пандусам у новым квартале.
XXI стагоддзе падарыла свету безбар’ернае асяроддзе. Людзі з абмежаванымі магчымасцямі і маці немаўлят выдыхнулі, аднак пашанцавала далёка не ўсім. Песімісты скажуць, што падымаць інвалідныя ці дзіцячыя каляскі на высокія бардзюры будуць і нашы ўнукі. Ці насамрэч усё так дрэнна?
Сярод зваротаў да гарадскіх уладаў не апошняе месца займаюць скаргі на нязручныя бардзюры. Перашкаджаюць яны багата каму: інвалідам-калясачнікам, маладым матулям, кіроўцам ровараў і самакатаў. Адказныя службы вырашаюць праблему, аднак сыйсці ў нябыт яна не паспела.
Наш шлях пачынаем з вуліцы Першамайскай. Пасля кароткай вандроўкі па ёй задаемся пытаннем: «На што скардзяцца чачаране?» Сярод бардзюраў тут пераважаюць невысокія, а на рэдкіх праблемных месцах падкладзеныя дадатковая плітка ці цэмент. Інспекцыю вуліца вытрымала з гонарам.
Першыя праблемы нечакана знаходзім на Савецкай. Пераходы на цэнтральнай гарадской з нізкімі бардзюрамі яшчэ не пасябравалі. Здзіўляе і наваколле аўтастанцыі: для людзей з каляскамі шлях да платформы лёгкім не будзе.
Жыхарам новых кварталаў скардзіцца на бардзюры наўрад ці давядзецца: большасць пад’ездаў можа пахваліцца зручнымі спускамі, а некаторыя нават пандусамі. Але ў старых дварах яшчэ хапае патэнцыяльных аб’ектаў для скаргаў.
Канцэнтрацыя дзіцячых калясак павышаецца каля гарадской паліклінікі. Мясцовыя бардзюры здаюць экзамен на выдатна. Хапае і пандусаў, аднак некаторыя жанчыны усё ж такі абіраюць прыступкі.
Цікавыя архітэктурныя рашэнні можна знайсці каля Спаса – Праабражэнскай царквы. Пераходы каля яе не адрозніваюцца зручнымі бардзюрамі, аднак у некалькіх метрах ад некаторых з іх ёсць спускі, якія зрабілі адмыслова для жыхароў прыватных дамоў.
Што кажуць камунальнікі
Высокія бардзюры і скаргі на іх існуюць не першы дзень. Камунальная служба праблему вырашае, аднак ніякі чараўнік не выправіць яе за секунду. Начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Таццяна Загорцава распавядае, што цяпер рамонт, які закранае і бардзюры, ідзе на вуліцы Урыцкага. Сродкі атрымалі з абласнога бюджэта. Таццяна Міхайлаўна запэўнівае: ёсць жаданне ў 2022-м заняцца і іншымі праблемнымі кавалкамі, аднак ажыццяўленне планаў залежыць ад фінансавання.
