ШЭРЫЯ ЗДАНІ БЫЛОГА

1787321Роўнай стужкай уздоўж Кацярынінскага шляху, на бойкім месцы транспартнага руху ў пачатку 1920-х падчас Сталыпінскай аграрнай рэформы для вырашэння зямельнага пытання і такім чынам зняцця незадаволенасці і народных хваляванняў, з мэтай інтэграцыі сялянства ў рыначную эканоміку былі пабудаваны першыя падворкі пасёлка Гудок Нісімкавіцкага сельсавета.
Калгаснікам выдзелілі па 50 сотак надзелу, якія яны старанна апрацоўвалі і харчаваліся з гэтага круглы год. Утрымлівалі кароў, коз, свіней. Спачатку паселішча ўваходзіла ў склад калгаса “Ударнік”, затым “Савецкая Беларусь”. Першымі членамі камуны сталі Настасся Уладзіміраўна Кондрыкава, Ганна Карпаўна Камісарава і іншыя. Дзень за днём пасёлак адбудоўваўся і папаўняўся новымі жыхарамі. Ураслі ў гэту зямлю сваімі каранямі сем’і Аляксея Мікітавіча Камісарава, Івана Іванавіча Гаўрылава, братоў Рычковых, роду Мар’і, Матруны і Хведара Івашковых і інш. На сяле адсутнічала неабходная інфраструктура, у бліжэйшую краму людзі бегалі праз Чортаў масток у в.Гаёк. На танцы – у Нісімкавіцкі клуб, а ў асноўным таньчылі пад гармонік Ігната Дуброўскага. Сярод вытворчых будынкаў – толькі калгасная стайня. Адкрыў на той час свой сціплы прыватны “бізнэс” дзядька Кудла – так людзі называлі Данілу Іванавіча Кондрыкава, які паставіў сваю хату каля самага лесу, за яго акладзістую чорную бараду. Мужчына шляхам перагонкі бярозавай і асінавай кары вырабляў дзёгаць і прадаваў яго насельніцтву. Месца, дзе ён жыў, і сёння называюць Кудлаў майдан. Іван жа Гаўрылаў працаўладкаваўся на маслазавод, што дзейнічаў на тым жа Гайку, і потым доўгі час кіраваў прадпрыемствам.
У гады вайны Гудок уваходзіў у партызанскую зону. Тут у дзень гаспадарылі фашысты, а ноччу ў хаты вяскоўцаў за правіянтам, адзеннем і карыснай разведвальнай інфармацыяй прабіраліся народныя мсціўцы. Сведкі тых ліхалеццяў прыпамінаюць часам жудасныя здзекі ворага. Як і ўсюды, тут людзей ставілі пад дула аўтамата па першаму падазрэнню ў сувязі з партызанамі. А аднойчы, расказваюць, адна жанчына з Нісімкавіч несла ў вёску да бабкі-шаптухі Гаршулі сваё хворае дзіця. Па дарозе яе сустрэлі фрыцы. Мяркуючы, што кабета выконвае пэўнае партызанскае заданне, яе разам з немаўляткам адвезлі ў Чачэрск і павесілі, забілі і малога. У жанчыны засталіся сіротамі двое дзяцей. Аднак больш за ўсё праводзілі жорсткія злачынствы над людзьмі паліцаі. Яны прымушалі насельніцтва працаваць на сплаве лесу, ганялі на цяжкія  зямельныя работы, забівалі “свой свайго” – прывязвалі да ног арыштантаў бочкі і вешалі няшчасных на шыбеніцы. У жніўні 1943 года салдаты адступаючых частак нямецкай арміі падпалілі пасёлак. Згарэлі ўсе 15 падворкаў, засталася некранутай толькі хата Івана Аўсеевіча Кондрыкава. Але паселішча аднавілася, і ўжо ў 1959 годзе тут жыло 49 чалавек. На франтах Другой Сусветнай загінулі абаронцы з Гудка А.В.Бусаўцоў, А.М.Гаўрылаў, У.Г.Дзюдзяеў, браты Андрэй і Фёдар Дуброўскія, М.Д.Клапкоў і іншыя.
…Там, дзе сваім гаючым сокам надавалі людзям сілы і здароўе прыгажуні бярозы, бушавалі буйным квеценем пладовыя сады, наталялі прахалодай чыстыя ключы – сёння даў прытулак аглушальнай цішыні маўклівы хваёвы лес. Не святкуе народ прыстольныя Хрышчэнне і Юр’е, не збіраюцца вяскоўцы на калгасную “маёўку” з нагоды завяршэння жніва. Апошні жыхар пасёлка  Пётр Іванавіч Дуброўскі выехаў адсюль у в.Валосавічы ў 1991 годзе. І толькі цяжка ўздыхаюць, калі прыкінецца неяк аднойчы здань мінулага, ураджэнцы пасёлка Таццяна Ігнатаўна Дуброўская і Лідзія Васільеўна Кузьмянкова – адспявалі сойкі, прайшло жыццё.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика