Усё, што вы хацелі спытаць аб прызыве

Пачалася прызыўная кампанія. У юнакоў позвы пад роспіс у ваенкамат выклікаюць шмат пытанняў. На найбольш распаўсюджаныя адказаў начальнік адасобленай групы (Чачэрскага раёна) вайсковага камісарыята Буда-Кашалёўскага і Чачэрскага раёнаў Дзмітрый Гулінкоў.
Калі забіраюць
у войска?
Дакладных датаў указ не вызначае, але накіраваць новых жаўнераў у падраздзяленні мусяць да сканчэння тэрміну ягонага дзеяння, то бок да канца лістапада. Звычайна навабранцы апранаюць форму ў другой палове апошняга восеньскага месяца. Прызыўнік загадзя атрымае позву з канкрэтным днём.

А ці могуць
мяне забраць
у войска пасля сканчэння
прызыву?
Апошні цягнік сыходзіць 30 лістапада. Аднак тэрміны прызыўной кампаніі можна карэктаваць. Гэтак зрабілі летась: тады быў падпісаны новы ўказ, які дазволіў адпраўляць прызыўнікоў у часткі ажно да 1 студзеня.

Колькі трэба
служыць?
Тэрміны розныя. Жаўнеры без вышэйшай адукацыі служаць паўтара года. Дыплом універсітэта скарачае службу да года. Змяніць цывільны абутак на берцы мусяць і выпускнікі вайсковых кафедраў, калі яны атрымалі толькі спецыяльнасці малодшых камандзіраў – іхняя служба ў форме працягнецца шэсць месяцаў.
Прызыўнік можа не пайсці на тэрміновую службу, а адразу падпісаць кантракт. Тады служыць ён мусіць два гады. Калі дамову спыняць раней, два дні кантрактнай службы будуць лічыць за дзень тэрміновай.

Ці можна
не прыйсці
ў ваенкамат
у патрэбную
дату?
Не, калі на тое няма важкай прычыны. Не з’явіцца можна праз пашкоджанне, траўму, хваробу, цяжкі стан ці пахаванне блізкіх сваякоў. Ваенкамат можа прызнаць важкімі і іншыя прычыны. А вось праца нагодай для ігнаравання позвы не стане. Паходы ў ваенкамат мусяць аплаціць як звычайны працоўны дзень. Прычыны няяўкі трэба пацвердзіць дакументальна на працягу пяці працоўных дзён.
Няяўка без важкай прычыны ператворыцца ў адміністратыўную справу, якая пагражае штрафам да пяці базавых велічыняў. Адтуль лёгка дацягнуць і да крымінальнай адказнасці – яна можа каштаваць пазбаўлення волі на тэрмін да двух гадоў.

ці магу
я выехаць за мяжу падчас прызыву?
Курортныя планы можна не адкладаць, калі яны не перашкаджаюць мерапрыемствам прызыву. А вось пра паездкі, што зоймуць больш як месяц, у гэты перыяд трэба абавязкова папярэдзіць ваенкамат.
Праблемы будуць ў прызыўнікоў, якія вырашылі пагуляць з ваенкаматам у хованкі. Ім могуць абмежаваць выезд за мяжу.

Я каштоўны спецыяліст на працы. Ці будзе гэта падставай для адтэрміноўкі?
Сама праца не стане прычынай для адмовы ад войска. Аднак тэрміновую службу можна замяніць на рэзерв. У гэтым выпадку жаўнер раз на год адпраўляецца на зборы. У спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй – тры навучальныя перыяды, без яе – чатыры.
Калі патрапіць у рэзерв не атрымалася, на працягу трох месяцаў пасля дэмабілізацыі можна вярнуцца на старое месца працы – наймальнік адмовіць не можа. Гэта тычыцца не толькі дзяржаўных установаў. Пасля вяртання ў арганізацыю спецыяліст атрымае матэрыяльную дапамогу.

У мяне ёсць
Дзіцё – я магу
не служыць?
Не заўжды. Адтэрміноўку могуць даць бацьку з дзіцём да трох гадоў, калі ён сам і ягоная жонка таго пажадаюць. Вызваляюцца ад войска і мужчыны з двума дзецьмі. Не могуць прызваць падчас цяжарнасці жонкі. Атрымае адтэрміноўку і хлопец, які выхоўвае дзіця сам. Інваліднасць дзіцяці таксама дае падставу адмовіцца ад войска.

Я скончыў
універсітэт
і жадаю атрымаць новую
адукацыю.
Ці дадуць мне
адтэрміноўку?
Навучацца далей можна, але другую адтэрміноўку на адукацыю ўжо не дадуць. Аднак такіх студэнтаў могуць скіраваць на службу ў рэзерве – гэта дазваляе вучыцца па-за часам збораў.

Ці трэба пасля
войска
працаваць па
размеркаванні?
Гэта неабавязкова. За два месяцы да сканчэння тэрміновай службы малады спецыяліст мусіць паведаміць сваёй арганізацыі, ці вернецца ён да працы. Выпускнік, які вырашыў не вяртацца, атрымае вольны дыплом. Былы жаўнер можа і скончыць адпрацоўку. Па жаданні службу залічаць у гэты тэрмін. Гэта не тычыцца студэнтаў, якія навучаліся на ўмовах мэтавай падтрыхтоўкі: яны пасля войска вяртаюцца ў свае арганізацыі.
Скасуюць размеркаванне і жаўнерам-кантрактнікам. Аднак яны маюць праслужыць не менш за тэрмін абавязковай адпрацоўкі.

Якія перавагі
ёсць
у жаўнераў
пасля
тэрміновай
службы?
Без льготаў былыя вайскоўцы не застануцца. 3 2020 года тэрміновая служба залічваецца ў пенсійны стаж. Пасля звальнення жаўнеры з рэкамендацыямі могуць па-за конкурсам паступіць у навучальныя ўстановы сілавых структураў, а хлопцы, якія служылі ў роце ганаровай варты, – і ў цывільныя ўніверсітэты. Пасля залічэння гэтыя студэнты ў першую чаргу атрымліваюць месцы ў інтэрнатах, а выдатнікі першымі абяруць сабе месца размеркавання.
Крэдыт на будаўніцтва жытла жаўнер можа пагасіць пасля дэмабілізацыі. На ўвесь перыяд тэрміновай службы за ягонай сям’ёй захоўваецца месца ў інтэрнаце.
Жонак такіх вайскоўцаў мусяць прыняць на працу не пазней як праз два месяцы пасля звароту, а іхныя дзеці атрымаюць месца ў дзіцячым садку на працягу трох месяцаў з падачы заявы.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика