У БЯЗБОЖНІКУ ЖЫЛІ З БОГАМ

Пасля Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі, у 1924 годзе, надумалі браты Васіль, Павел і Фёдар Гарбачовы аддзяліцца ад бацькоў. Сабраліся ўтраіх, вызначылі месца сярод лесу ў чатырох кіламетрах ад Палесся, раскарчавалі пэўны ўчастак і пачалі новабудоўлю на былых панскіх надзелах. Нацягалі з ельніку бярвення, паставілі сцены, накрылі дахі кулямі жытняй саломы, прывялі дзяцей, жонак і пачалі абжывацца. Селі неяк вечарам за стол, за чаркай хатняй “сівухі” разгаварыліся пра жыццё, пра свой быт ды пра Усявышняга. Адзін з братоў і кажа: “Эт, няма на свеце Бога!”. Так і прырасла назва да вёскі – Бязбожнік.
Пазайздросцілі іншыя палясчане, што ў іх аднавяскоўцаў з’явілася новае жыллё, пацягнуліся следам за Гарбачовымі. І разраслося хутка пасяленне, максімальная колькасць складала больш за 30 падворкаў. Вуліцы размеркавалі літарай Н, у народзе такую архітэктурную канструкцыю празвалі “бабіны штаны” і паставілі па абодва канцы Бязбожніка калодзежы. У той час у мужыцкіх хатах не было лямпачкі Іл’іча, таму з вясны і да халадоў ежу гатавалі прама на вуліцы, вячэраючы часам тут жа, пад адкрытым небам. Каля кожнага падворка гарэла вогнішча, з-пад крышак пузатых чыгуноў разам з парай вырываўся апетытны пах жыдкай бульбы, свежых баршчоў, а часам і варанай рэпы. Надавалі салодкі прысмак гэтаму водару прыправы з агарода – кроп, цыбуля, каляндра. А добра падсілкаваўшыся, ішлі хлопцы з дзяўчатамі, кабеты з мужыкамі да хаты Васіля Гарбачова – пад акампанемент гарманістаў з Палесся лупілі “Польку”, “Падыспань” і “Сербіянку”. Бывала, з суседняй Магілёўшчыны прыходзіла сюды павесяліць народ музыкант-самавучка Ганна, а з ёй чалавек 15 хлопцаў. Жаданых гасцей ужо чакалі, рыхтавалі абеды, разлічваліся за вясёлыя вечарыны жытам і іншай прадукцыяй з агародаў. Калі вясной ад зерня вызвалялася памяшканне калгаснай каморы, то там арганізоўваў скокі для моладзі балалаечнік Мікалай Халькоў. Наведваліся і ў Палескі сельскі клуб. Асаблівае ж свята адбывалася, калі прыязджала перасовачная кінабудка. Паглядзець мастацкую кінастужку збіралася ўся вёска. Дзесьці ў 1969 годзе расчыніў дзверы мясцовы магазін і праіснаваў да 1993-га. Школы ў Бязбожніку не было, таму спачатку дзяцей вучылі грамаце ў пакоях Дзмітрыя Дыдалева, пакуль з Асінаўкі не прывезлі рэшткі старой установы адукацыі і не пабудавалі памяшканне, дзе ўрокі вучням да пятага класа выкладала настаўніца Вольга Ядранцава. Затым рабяты хадзілі папаўняць свае веды ў Палескую школу… Вайна. Яе чорнае крыло закранула і Бязбожнік. Прыйшлі немцы і пачалі наводзіць тут свае парадкі. Нават планавалі перайменаваць населены пункт у Зялёны Бор. Толькі людзі не пагадзіліся і паміралі ад зверстваў ворага. Аднойчы па нечаму даносу за сувязь з партызанамі былі растраляны Гарбачоў Павел і Гарбачоў Уладзімір. У паніцы насельніцтва перабралася ў Палессе да родных, сваякоў. Толькі доўга гасцяваць не давялося – аднойчы на Вялікдзень паліцэйскія так напіліся, што пачалі страляць запальнымі кулямі. Адна з хат загарэлася, вецер падхапіў полымя і яно перакінулася на суседні дах. Так выгарэла цэлая вуліца. Сабраўшы вузлы, бязбожніцкія жыхары вымушаны былі “павярнуць аглоблі” назад. Вось толькі не змаглі вярнуцца дадому і загінулі на франтах Вялікай Айчыннай двое сыноў Домны Хайковай і Восіпа Гарбачова, двое з сям’і Дзмітрыя Дыдалева.
…Некалькі гадоў адзіным і апошнім жыхаром Бязбожніку заставалася Еўдакія Ядранцава. А ўвосень 2005 года жыццё тут замерла. Але пра любую вёсачку і шчаслівыя дні маладосці ці можна забыцца?

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика