МАЎКЛІВЫ СВЕДКА ДАЎНІны

Некаторыя жыхары Чачэршчыны, асабліва маладое пакаленне, пры слове “сінагога” ў непаразуменні паціскаюць плячыма: “А дзе гэта?”. Пра гісторыю помніка архітэктуры па вуліцы Пралятарскай, 27 райцэнтра не ўсе ведаюць, а тым больш не кожны бачыў яго сваімі вачамі.
Двухпавярховы будынак узведзены па праекту невядомага архітэктара яшчэ да Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі. Спачатку там знаходзілася сінагога – памяшканне, дзе ажыццяўлялі грамадскія богаслужэнні прадстаўнікі яўрэйскай абшчыны. А насупраць, на месцы цяперашняга агарода Леаніда Чарняўскага, на яўрэйскім рынку выстаўляліся на продаж садавіна, гародніна, прылады працы, жывёла і рознага густу прыналежнасці хатняга побыту. Потым яшчэ доўга на гэтым месцы чачаране знаходзілі недарагія манеты агароты і шэкелі. Пэўны адрэзак часу, да 1973 года тут размяшчаўся раённы ваенны камісарыят. Сюды на зборны пункт прыязджалі прызыўнікі, іх суправаджалі родныя, сябры. Іграў гармонік, плакалі матулі і нявесты, выпраўляючы хлопцаў у салдаты, таньчылі і спявалі праважатыя.
Як сцвярджаюць старажылы Чачэрска, памяшканне сінагогі дало прытулак навучэнцам сельскагаспадарчага заатэхнікума і будучым бухгалтарскім работнікам. Расказваюць, што на першым паверсе знаходзілася сталоўка, а на другім жылыя пакоі інтэрната. Чачаранка Тамара Ягораўна Клімянкова памятае, як у пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя ёй давялося засяліцца сюды і паспрабаваць на сабе агульнае калектыўнае пражыванне. Таксама за сценамі сучаснага помніка архітэктуры некалькі гадоў працаваў раённы выканаўчы камітэт са структурнымі падраздзяленнямі і аддзеламі, меў часовую прапіску цэнтр статыстычнага кіравання, з друкавальных станкоў тыпаграфіі раённай газеты “Трыбуна камунізму” выходзілі ў свет свежыя нумары сродка масавага інфармавання.
Напрыканцы 1970-х юнакоў і дзяўчат горада запрасіла да сябе маладзёжнае кафэ – першая спроба прыватнага бізнэсу чачаран. На першым паверсе расчынілі дзверы для вольнага адпачынку дзве залы: адна для правядзення вячэрніх дыскатэк, а ў другой дзейнічаў бар з рэалізацыяй слабаалкагольнай прадукцыі і кулінарных вырабаў. Аднак спроба малага прадпрымальніцтва на жаль сябе не апраўдала і ў 1980 годзе ўстанова была закрыта. Больш за 10 гадоў па сырых калідорах тут гулялі цішыня і шэрыя прывіды. А ў 1993 годзе гаспадарамі тут сталі прыхаджане Царквы Евангелісцкіх Хрысціян. Хто б ні кватэраваў па вуліцы Пралятарскай, 27, усім было тут утульна і прасторна.