Мова павінна быць запатрабаванай
Пасля надання рускай мове статусу дзяржаўнай у нашай рэспубліцы ўсе больш намячаецца тэндэнцыя па выцясненню беларускай з усіх сфер грамадскага жыцця і наогул з ужытку. Руская мова стала больш запатрабаванай. Мы бачым, што яна стала асноўнай у дакументаабароце, навуковай і вучэбна-метадычнай літаратуры, СМІ, адукацыі і іншых сферах нашага жыцця. Нават беларускія пісьменнікі ўсе часцей пішуць па-руску. Але чаму мы павінны адсоўваць на апошняе месца такі набытак краіны, як родная беларуская мова? Чаму павінны яе сароміцца? І як прывіць нашым дзецям інтарэс, не кажучы ўжо пра любоў да нацыянальнай мовы? Пытанні застаюцца адкрытымі. Відавочна, што ў школах з рускай мовай навучання (а такіх у нас большасць) ужо не можа быць і размовы аб тым, каб схіліць дзяцей карыстацца беларускай мовай у працэсе зносін. Такога прыкладу не паказваюць і настаўнікі, якія выкладаюць беларускую мову і літаратуру. Сёння жыхары як гарадоў, так і сельскай мясцовасці размаўляюць па-руску, хоць псуюць мову і не валодаюць ёй у поўнай меры. Складваецца ўражанне, што ўжо не стаіць пытанне выцесніць руская мова беларускую ці не з усіх сфер ужывання. Яна ўжо непатрэбная. І мне здаецца, што гэты працэс неабарачальны. Беларуская мова застаецца нацыянальнай толькі фармальна.
Але тым не менш я ніколі не згаджуся, што руская мова мае больш развітую лексічную базу. Як раз наадварот. У нашай роднай мове столькі сінонімаў, фразеалагічных адзінак, проста прыгожых па гучанні і мелодыцы слоў, аналагаў якім у рускай нават не падбярэш.
Для ілюстрацыі можна прывесці шмат прыкладаў. Возьмем слова «зорка» (рускае «звезда»). Мы маем канкрэтны рускі аналаг. Але ў беларускай мове ёсць таксама лексема «знічка», што значыць «падающая звезда». Так на дадзеным прыкладзе відавочна разнастайнасць, мелодыка і прыгажосць роднай мовы. І такіх параўнанняў можна прывесці мноства. Тым самым я лішні раз пераконваюся, што беларуская мова не ўступае іншым і мае поўнае права на існаванне.
Мне давялося пачуць у грамадскім транспарце горада Гомеля размову дзвюх субяседніц, відавочна, выкладчыкаў нейкай навучальнай установы. Яны вольна размаўлялі па-беларуску, што вельмі вабіла мой слых і прымусіла задумацца аб тым, наколькі гэта прыгожа.
Я лічу, што мова не павінна заставацца пасіўнай і адыгрываць другасную ролю ў жыцці грамадства, дзяржавы. Яна павінна жыць і быць запатрабаванай. А дзеля гэтага мы павінны ёй карыстацца.
