ВЯСНА, ЖАНЧЫНА, КНІГА
Жыхарка горада Тамара Чытакова – часты госць цэнтральнай раённай бібліятэкі. Яна запэўніла, што кожны паход у храм мудрасці для яе як свята.
– І хаця бібліятэчны фонд папаўняецца не так часта, як гэта было раней, але тут заўсёды прапануюць што-небудзь новенькае і цікавае, – расказвае жанчына. – У мінулым годзе кніжныя паліцы значна пацяжэлі ад важкіх выданняў. З’явіліся творы маладых беларускіх пісьменнікаў, раманы, паэзія, лірыка. І ўсё пра наша роднае, блізкае, знаёмае. Чытаеш, і немагчыма адарвацца. Я сама люблю чытаць, і мая чатырохгадовая ўнучка Варвара заслухоўваецца казкамі. А калі іх запас заканчваецца, мы ідзём за новымі. Дзяўчынцы вельмі падабаюцца “добрыя цёці бібліятэкаршы” як у раённай цэнтральнай бібліятэцы, так і ў гарадской. Яны заўсёды знойдуць на стылажах самую прыгожую і цікавую кніжку і прапануюць унучцы. Мне ж больш да спадобы беларуская класіка, асабліва хачу адзначыць талент нашага сучасніка, пісьменніка Гомельшчыны Уладзіміра Гаўрыловіча. І не толькі. Нясу дадому ўсё, што параяць мне дзяўчаты. А яшчэ прыемна бываць на розных мерапрыемствах, якія яны праводзяць. Іншы раз такія цудоўныя вечарыны праходзяць – ажно за душу кранае. Пасля гэтага неяк зусім па-іншаму глядзіш на жыццё. Здаецца, на сэрцы пасвятлела. А ўсё таму, што бібліятэкары да кожнага абанента маюць свой падыход, свае асаблівыя словы. Я імкнуся затрымацца тут як мага даўжэй, пагаварыць з інтэлегентнымі людзьмі, абмеркаваць сякія-такія жаночыя праблемы і нават проста абмяняцца навінамі. Жаночы калектыў бібліятэкараў – моцны, працаздольны і такі прыгожы! Абаяльныя і добразычлівыя, яны робяць наша жыццё цікавым і асэнсаваным. Напярэдадні жаночага свята хацелася б падзячыць ім за цеплыню, за гасціннасць, паразуменне і іх шчырасць. Няхай вясна прыйдзе і ў іх мары, і ў хату, і ў сэрца.
