ШАНУЙЦЕ, ЛЮДЗІ, РОДНЫ КРАЙ
Сядзець у перыяд росквіту прыроды на лаўцы вясковаму чалавеку няма часу. І вокам не паспееш маргануць, як тэрыторыя каля дома зарасце густой травой і лапухамі. У в.Іскра Меркулавіцкага сельсавета скрозь па вуліцы каля нежылых дамоў сцяной стаіць “сырое сена”. Не паспелі правесці барацьбу з дзьмухаўцамі і сталыя пенсіянеры, але прадпісанні аб захаванні санітарнага парадку трэба выконваць абавязкова. Таму ў дапамогу бабулі паклікалі аднавяскоўцаў з косамі (на здымку).
Наогул, як адзначыла старшыня сельсавета Г.М.Макеева, работы па навядзенню на зямлі належнага парадку шмат. Праводзіцца шэраг мерапрыемстваў, у тым ліку падкос травы, знос старых будынкаў, вырубка кустарнікавай расліннасці, афарбоўка шахтных калодзежаў, арганізацыя кветнікоў і малых архітэктурных форм. Актыўна вядзецца работа на цэнтральных вуліцах транзітных вёсак – у населеных пунктах Меркулавічы, Зялёная Паляна і Прагрэс адбываецца замена і афарбоўка агароджы. У в.Батвінава на адных з могілкаў таксама ўстаноўлена новая агароджа, на днях там пачнецца вырубка сухіх і аварыйных дрэў. Пакуль што толькі не вырашаны лёс устаноўкі прасла па цэнтральнай вуліцы в.Іскра, гэта работа чакае сваёй чаргі.
Праяўляюць адказнасць і дапамогу работнікі КЖУП “Чачэрскае”, настаўнікі мясцовай школы, выхавацелі дзіцячага садка і культработнікі, не застаюцца ў баку адказныя за санітарнае становішча з райцэнтра. Адным словам, справа кіпіць ва ўсю, а гэта значыць, што ў Год роднай зямлі чачэрскі край пахарашэе і зменіць старое аблічча на больш яскравае.