НОВАЕ ЖЫЦЦЁ І НОВЫЯ НАДЗЕІ

Малочна-таварная ферма “Залаўе” яшчэ нейкіх тры гады назад стаяла ў багне, тут панавалі сум і разруха. Напалову разбураныя хлявы з усіх бакоў абдзімалі вятры, выстуджваў мароз.
З прыходам на пасаду дырэктара ПСУП “Роўкавічы” Міхаіла Леўкаўца становішча пакрыху пачало выпраўляцца. Сёння тут налічваецца 603 галавы буйной рагатай жывёлы, для якой ствараюцца спрыяльныя ўмовы беспрывязнага ўтрымання. Гаспадарчым спосабам на ферме праводзяцца рамонтна-будаўнічыя работы, і за тры гады атрымалі новае жыццё тры жывёлаводчыя памяшканні. Рэканструкцыя вядзецца шырока, згодна з патрабаваннямі сучасных тэхналогій. Скажам, асобна адведзена месца для сухастойнага статка, у студзені 2012 года ўласнымі намаганнямі зманціравана даільная ўстаноўка ў цэху па раздоі, нованароджаных цялятак заўсёды гатовыя прыняць домікі халоднага вырошчвання, а для дойнага пагалоўя рэканструяваны хлеў больш чым на 200 галоў. Па-іншаму выглядае і сенабаза, дзе давялося замяніць дах і ўстанавіць новыя вароты. Па перыметру зноў жа сіламі гаспадаркі праведзена замена агароджы, наладжана асвятленне па ўсёй тэрыторыі фермы і ў вытворчых памяшканнях.
– Работы праведзена шмат, – робіць выснову дырэктар гаспадаркі. – Але да фінішу яшчэ далёка. Зараз актыўнымі тэмпамі рыхтуем здаць пад ключ малочна-даільны блок. Ужо гатова памяшканне з надзейным дахам і вокнамі ПВХ, устаноўлена новае даільнае абсталяванне на 16 месцаў з прапускной магчымасцю да 350 галоў. Праводзім ацяпленне, размяркоўваем па месцах электрапаілкі. Будуць створаны належныя ўмовы працы і для работнікаў фермы: душавая, пакой для адпачынку, туалет. Як вядома, кожнае будаўніцтва патрабуе фінансаў. Па сціплых падліках, на ўсё гэта прыйдзецца затраціць дзесяць мільярдаў рублёў. Нешта выдзелена з дзяржбюджэту, штосьці ўкладваем сваё. З кожнага па нітцы, як кажуць. Але паглядзіце, якія зрухі!
Сапраўды, ні ў якое параўнанне не ідзе сёння тое, што было тут некалькі гадоў назад. Белыя халаты, чыстыя праходы, сытая жывёла, высокія надоі… Гэта не казка, а вынік чалавечых старанняў і клопату. Можа, у наступны раз, калі прыеду за новым рэпартажам, мяне тут ужо пачастуюць гарачай гарбатай з самавара ў цёплай бытоўцы і прадэманструюць работу новай даільнай устаноўкі “ёлачка”.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика