У ВЯСЁЛЫМ КАРАГОДЗЕ

Традыцыйнае шэсце Дзедаў Марозаў і Снягурак абудзіла тых, хто ў выхадны дзень любіць папесціцца ў ложку. Навагоднія персанажы з музыкай і песнямі маршыравалі па вуліцы Савецкая райцэнтра да цэнтральнай плошчы, заклікаючы на агульны фэст усіх жадаючых. А там, каля галоўнай зялёнай прыгажуні горада, яны распачалі танцы, вясёлыя забавы і рухомыя гульні. Дзеды Марозы з іх казачнай світай як маглі віншавалі народ, расказвалі вершы, жартавалі і скакалі разам з дзецьмі і дарослымі. Неабходна было таксама паказаць свае творчыя здольнасці, артыстычнасць, годна трымаць свой тэатральны вобраз і, галоўнае, заставацца ў добрым настроі. А пакуль на сцэне ішла святочная дзея, малыя хлапчукі-гарэзы бавіліся самым звычайным чынам – каталіся з высокай снежнай гары: хто на санках, а хто проста так з крыкам і смехам кулём каціўся зверху ўніз. Магчыма таму, што шмат Дзедаў Марозаў сабралася вялікай талакой, вушы і насы прысутных шчыпаў холад, мароз прабіраўся пад паліто, шчаміўся ў пальчаткі, кусаў за каленцы. І, каб сагрэцца, людзі мусілі падтанцоўваць у такт вясёлай музыкі.
На жаль, паглядзець на такое дзіва прыйшло ўсяго каля двух дзясяткаў чалавек. І атрымалася, што ўдзельнікаў гэтага цікавага і масавага гуляння было больш, чым гледачоў. Ці то чачаране пабаяліся зімовай сцюжы, ці забыліся пра фэст, аднак плошча была пустая, што вельмі крыўдна. Бо ўдзельнікі касцюміраванага параду думалі парадаваць жыхароў горада, падняць іх настрой і яшчэ раз напомніць – хутка Новы год.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика