чаканне ЦУДа

У сёмы раз на чачэрскай зямлі напярэдадні самага яркага і жаданага навагодняга свята каля зялёнай лясной прыгажуні кружылі ў святочным карагодзе дзеці, што прыехалі на Міжнародную ёлку ў аграгарадок Меркулавічы, арганізаваную Гомельскім абласным аддзяленнем Беларускага фонду міру. Сустрэцца з Дзедам Марозам і казачнымі героямі змаглі ў гэты дзень дэлегацыі з гарадоў Ветка, Буда-Кашалёва, Карма, Рагачоў, суседзі з Краснагорскага раёна Бранскай вобласці і, вядома ж, чачэрскія рабяты. Дзеці з задавальненнем спявалі, таньчылі, жартавалі з хітрым Карабасам-Барабасам, слухалі казкі мудрага Снегавіка і разам з ім ратавалі навагоднія падарункі ад злых і цёмных сіл. Свае творчыя музыкальныя здольнасці паказалі непасрэдныя ўдзельнікі мерапрыемства – дзяўчынкі і хлопчыкі з суседніх раёнаў спрытна імправізавалі пад акампанемент электроннай музычнай тэхнікі і пластычна рухаліся, ствараючы сваімі шчырымі ўсмешкамі і пранікнёнымі песнямі прыўзняты святочны настрой.
Мінулая сустрэча прынесла таксама шмат задавальнення і дарослым. Старшыня раённага выканаўчага камітэта Іван Ком, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Святлана Мельнікава, госці ў сваіх кароткіх прамовах каля мікрафона сардэчна віншавалі школьнікаў з такім доўгачаканым і шумным святам, жадалі сустрэцца з добрай казкай і дзячылі арганізатарам за светлыя хвіліны шчасця. Асаблівыя словы падзякі былі адрасаваны старшыні Гомельскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру Цімафею Іванавічу Глушакову. Жвавы, занепакоены, энергічны ён заўсёды ў дарозе, заўжды пры справах. І менавіта дзякуючы яго нястомнай энергіі і шырокай душы той радасны дзень напярэдадні Новага года прынёс многім надзею, сяброўства, цеплыню пачуццяў і новыя мары. Сярод шматлікіх падарункаў былі і сувеніры для расійскай дэлегацыі і адміністрацыі Меркулавіцкай школы ад газеты “Рэспубліка”. Усе школьнікі атрымалі салодкія пачастункі Дзеда Мароза і Снягуркі, кружылі вакол каралевы свята і пазнаёміліся з казачнымі героямі на таямнічай сцяжынцы гасціннага двара Ледзянога дзеда. Сапраўды, цуда ёсць!

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика