што сэрдцу дорага
На мінулым тыдні ў вёску Меркулавічы прыйшло сапраўднае свята песні, танца, традыцыйнай народнай культуры, якую ўжо 40 год нясе па жыцці народны фальклорны гурт “Меркулавіцкія вячоркі”. Пад кіраўніцтвам Валянціны Лявончыкавай сёння калектыў можна назваць адным з найбольш яскравых аматарскіх фальклорных аб’яднанняў рэгіёну. Юбіляраў віншавалі начальнік аддзела культуры Чачэрскага райвыканкама Юлія Басаргіна, старшыня Меркулавіцкага сельсавета Ніна Леўкавец, народны калектыў “Чачэрскі гармонік”, народны калектыў з вёскі Бабічы “Лёс”, а таксама некалькі десяткаў аднавяскоўцаў. Меркулавіцкія музыкі былі адзначаны Падзячным лістом раённага выканаўчага камітэта. У кожнай іх песні свой патаемны сэнс, сваё хараство, прыгажосць, увасабленне ўнутранай гармоніі, непарыўная сувязь душы чалавека з прыродай, радзімай, з тым, што так дорага і люба асабліва мясцовым жыхарам. Трэба адзначыць, што ў рэпертуары больш за 80 твораў. І гэта не толькі народныя песні, але і гульні, танцы, інструментальная музыка, абрадавыя дзеі “Ваджэнне куста”, “Зажынкі”, “Дажынкі” і іншыя. Жанравая разнастайнасць, высокі эстэтычны густ, жартоўныя сцэнкі і кампазіцыі былі адзначаны на свяце фальклору ў Доме культуры літаратараў у Мінску. Таксама калектыў узнагарожданы Ганаровымі граматамі Міністэрства культуры, абласнога ўпраўлення культуры, раённага аддзела культуры. Зараз калектыў знаходзіцца ў добрай творчай форме. Ён удзельнік раённых і гарадскіх свят, жаданы госць у суседніх раёнах.
