ДУШУ ЗАЧАРАВАЎ ШАНСОН

Калі на авансцэне кінаканцэртнага цэнтра “Акцябр” адкрылася заслона, прысутныя адразу акунуліся ў таямнічую атмасферу свята, у прыгожы свет музычна-песеннага мастацтва – гэта ў рамках рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі “Беларусь у маім сэрцы” пачаўся другі этап раённага творчага праекту “Ты – суперстар”. Загучалі першыя акорды знаёмай мелодыі, паліўся тонкі, мілагучны голас саліста. Не адрываючы вачэй, гледачы сачылі за тым, што адбываецца на сцэне. Нібы на старой кінастужцы, кадр за кадрам праходзіла выступленне масцітых творцаў, якія дэманстравалі арыгінальнасць мастацкага нумара, сваю артыстычнасць, пластыку, высокае выканаўчае майстэрства. Песні ў стылі шансон суправаджаліся харэаграфічнымі падтанцоўкамі, сцэнічнымі мізансцэнамі, інструментальным сола. Талент раскрыўся ў такім шырокім дыяпазоне, што членам судзейскай калегіі было цяжка вызначыць лепшага з выступаючых. Журы гублялася – каму аддаць перавагу, бо кожны з нумароў быў па-свойму непаўторны, яркі, вобразны. Гледачы ядналіся з гэтымі вобразамі канкурсантаў, што іншы раз нібы правальваліся ў прасторы і не ведалі, дзе знаходзяцца. Здавалася, перад імі сапраўдныя артысты прафесійнага драматычнага тэатра – так іх зачаравала і музыка, і асвятленне, і дэкарацыі.
У конкурсе прымалі ўдзел шэсць прэтэндэнтаў на званне самага яркага і таленавітага выканаўцы. Журы вырашыла размеркаваць прызавыя месцы па намінацыях. Такім чынам былі вызначаны пераможцы: “Самы артыстычны” – Валянціна Буланава, “Самы стылізаваны” – Уладзімір Пудаў, “Самы крэатыўны” – Жанна Сотнікава, “Лепшы вакал” – Вера Дзем’яновіч, “Самы яркі вобраз” – Галіна Атрошчанка. А дыпломам І ступені ўзнагароджана Людміла Трубачэнка. Граматы і падарункі артысты атрымалі нездарма – яны вельмі стараліся. Трэба адзначыць і вялікую рэжысёрскую работу, і ўвесь падрыхтоўчы этап, якія правялі работнікі аддзела культуры райвыканкама. На мерапрыемстве таксама была арганізавана выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, падрыхтаваная супрацоўнікамі музея, раённай бібліятэкі і цэнтру этнаграфіі і фальклору. Адзнаку мінуламу святу ўсе прысутныя паставілі высокую.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика