У Міжнародны дзень дзіцячай кнігі Чачэрская бібліятэка запрашае чытачоў
Для маленькіх аматараў чытання ёсць нагода ў чарговы раз зазірнуць у раённую бібліятэку – 2 красавіка прыхільнікі мастацкай літаратуры адзначаюць Міжнародны дзень дзіцячай кнігі.
Чытанне дапамагае развіваць інтэлект. А яшчэ гэта выдатны спосаб правесці вольны час. У бібліятэку запісаліся болей за 700 рабят. За першы квартал года сюды наведаліся 2 600 хлопчыкаў і дзяўчынак. Самыя малодшыя трохгадовы Мацвей Пранкевіч, чатырохгадовы Ілля Хрысцін і пяцігадовыя Георгій Фенік і Таццяна Крыжак.
Кнігавыдача склала больш за 11 000 экзэмпляраў, а ўсяго дзіцячы бібліятэчны фонд налічвае 19 600 выданняў. Па душы дашкалятам вершы Агніі Барто, творы Віталя Біянкі, Карнея Чукоўскага. Падлеткам прыйшліся дагусту сучасныя пісьменнікі Юрый Сотнікаў, Ягор Крымаў, Сяргей Клімковіч. Карыстаецца попытам літаратура школьнай праграмы.
У бібліятэкараў у сябрах не толькі адданыя кнігаманы, але і верныя юныя памочнікі, якія дапамагаюць праводзіць тэматычныя мерапрыемствы, цікавыя літаратурныя пастаноўкі, на іх прысутнічала ў бягучым годзе звыш за 2 000 чалавек. У ролі вядучых і казачных герояў выступаюць вучні сярэдняй школы №1 Соф’я Цярэшчанка, Саша Дуброўская, Ксенія Самусева і Дар’я Карчэўская. Вось і зараз яны разам са спецыялістамі ўстановы культуры правялі шэраг святаў кнігі.
В.БАГДАНОВІЧ.
