НОВЫ ФАРМАТ – НОВЫЯ МАГЧЫМАСЦІ

За доўгія гады выдання ў чачэрскай раёнцы мянялася не толькі назва, але і фармат яе. Сёння ў архівах можна пабачыць нумары газеты памерам са звычайны аркуш вучнёўскага сшытка.
Пад назвай “Стаханавец палёў” яна выходзіла на дзвюх поласах. Вядома, пры такім дэфіцыце газетнай плошчы цяжка асвятляць усебакова шматграннае жыццё раёна. З пераходам на 4-палосны фармат магчымасці павялічыць колькасць публікацый узраслі. Але думаецца, што і яны сябе вычарпалі. Таму з ліпеня гэтага года раёнка карэнным чынам зменіць сваё аблічча: падпісчыкі будуць мець магчымасць знаёміцца з рознымі жанрамі на 16-ці старонках. Праўда, за такое задавальненне трэба будзе плаціць крыху больш, падпісная цана ўзрастае. Але гэта апраўдана. Калі, скажам, раней газета пісала пра людзей працы ў інфармацыйным плане, то зараз ёсць магчымасць рыхтаваць нарысы аб лепшых людзях Чачэршчыны, якія будуць вызначацца глыбінёй зместу і цікавымі па форме. У аснове такіх матэрыялаў павінны быць не толькі працоўныя дасягненні наватараў вытворчасці, але і духоўны свет нашага сучасніка.
Чачэрскі раён – сельскагаспадарчы. У сваім развіцці за апошнія гады дасягнуў значных вынікаў. Гэта можна прасачыць па інфармацыях і карэспандэнцыях выдання. З пераходам на новы фармат тут адкрываюцца больш шырокія перспектывы для асвятлення працы сельгаспрадпрыемстваў. На маю думку, не трэба абмяжоўвацца інфармацыямі аб ходзе палявых работ, колькасных дасягненнях жывёлаводаў. Час патрабуе звяртаць больш увагі на якасць прадукцыі, зніжэнне яе сабекошту і ўвогуле эканамічнай эфектыўнасці гаспадарання.
Сёння раённая газета шмат піша аб навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні. На жаль, іншы раз такія матэрыялы раскіданы па старонках хаатычна. З другога паўгоддзя найбольш важным тэмам можна адводзіць тэматычныя старонкі і развароты. Гэтым самым засяроджваць увагу чытачоў. Хацелася б таксама, каб у штотыднёвіку мэтанакіравана асвятляліся пытанні выхавання падлеткаў, ролі сям’і і адказнасці бацькоў у гэтай справе. Пажадана таксама часцей бачыць публікацыі аб дэмаграфічнай сітуацыі ў раёне, праблемах вёскі, культурным жыцці і літаратурнай творчасці мясцовых аўтараў.
Як і кожная новая справа, пераход на штотыднёвік патрабуе ад рэдакцыйнага калектыву дадатковых намаганняў, больш дасканалага планавання працы, але думаецца, што журналісты і тэхнічны персанал справяцца з гэтай нялёгкай задачай і “Чачэрскі веснік”, як і раней, будзе плённым летапісцам чачэрскага краю і павысіць цікавасць усіх падпісчыкаў і чытачоў да сябе.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика