НАДЗЕЙНЫ СЯБАР І НАСТАЎНІК
Яшчэ гадзіннік не адбіў патрэбны час, а каля дзвярэй раённай цэнтральнай бібліятэкі ўжо з’явіліся першыя наведвальнікі – заядлыя прыхільнікі літаратурнага чытання. Напрыклад, разам з работнікамі ўстановы культуры хвіліна ў хвіліну прыходзіць сюды жыхарка Чачэрска Валянціна Буднікава. Да кніжных паліц ідуць і іншыя аматары друкаванага слова, каб папоўніць свой багаж ведаў і наталіць душу высокім мастацтвам. У адзін з такіх дзён я сустрэлася з былым дырэктарам Залескай школы Нінай Рыгораўнай Цуманковай (на фота). Яна адна з першых пераступіла парог храма Мудрасці сакавіцкай раніцай і накіравалася да запоўненых выданнямі стэлажоў. Жанчына наведвае бібліятэку штотыдзень, перачытала шмат гістарычных кніг, захапляецца творамі Івана Шамякіна, не адмаўляецца і ад лёгкай літаратуры. Ніна Рыгораўна прачытала не адну сотню цікавых твораў, але пасля выхаду на заслужаны адпачынак гэтаму любімаму занятку я стала надаваць больш увагі. На гэты раз вырашыла прыхапіць некалькі кніг і для свайго сына – няхай і ён адчуе асалоду такога віду культурнага адпачынку.
Сярод тысяч экзэмпляраў дакументальнай хронікі і мастацкіх выданняў вядомых класікаў кожны з чытачоў можа знайсці штосьці сваё, па ўласнаму густу і асабістых запатрабаваннях. Ёсць тут і рарытэтныя выданні. Скажам, кніга Тараса Шаўчэнкі “Кобзарь” (1964 год), або “Повесть современных лет” (1950 год), створаная па лаўрэнцьеўскаму летапісу 1377 года, якая расказвае аб жыцці славян (дарэчы, яна была падаравана бібліятэчнай установе вядомым у Чачэрску гісторыкам Сяргеем Атрошчанкам незадоўга да яго смерці). Тут таксама можна знайсці дакладныя звесткі аб перыядзе аднаўлення народнай гаспадаркі Гомельскай губерніі ў 1921-1925 гадах, або глыбей вывучыць метады барацьбы за ўладу Саветаў працоўных Гомельшчыны напачатку ХХ стагоддзя. У ліку каштоўных “свежых” выданняў такія, як “Беларусь праваслаўная”, “Нацыянальная бібліятэка Беларусі”, энцыклапедычны зборнік “Беларускі фальклор” і інш. На глянцавых старонках кнігі “Почетные граждане белорусских городов” знайшлося месца і для чачэрскіх паважаных людзей. Тут размешчаны фотаздымкі і кароткія біяграфічныя даныя пра Пятра Балыкова, Паўла Дзедзіка, Святлану Марозаву, Леаніда Сасноўскага, Зінаіду Сціпакову, Пятра Хлебаказава, Мікалая Юльскага. А маляўнічую і яркую “Рэспубліку Беларусь” нават спрабавалі выкрасці з чытальнай залы. І толькі цудам, па “гарачых слядах” гэта выданне было вернута назад. Так што кніга па-ранейшаму карыстаецца попытам і застаецца верным і надзейным сябрам чалавека. Чытальная зала ЦРБ ніколі не пустуе. Па выхадных і бліжэй да вечара ў буднія дні тут вельмі людна, прыходзяць дарослыя і школьнікі. А для тых, каму ці часу не хапае, ці здароўе не дазваляе наведацца асабіста, бібліятэкары дастаўляюць літаратуру самі. Напрыклад, вялікі стосік кніг быў падрыхтаваны для перадачы жыхарцы райцэнтра Тамары Карымавай. “Нават і не ведаю, што ёй падабраць, – усміхаецца бібліятэчны работнік Таццяна Крыжанкова. – Тамара Барысаўна ўжо ўсю нашу бібліятэку перачытала.” Добра ведаюць дарогу да храма Мудрасці таксама чачаране Таццяна Міхайлаўна Цеплякова, Алена Люцыянаўна Малюкова, Юрый Аляксандравіч Свежынцаў, Алена Аляксееўна Кавалёва, Тамара Пятроўна Чытакова, Алена Аркадзьеўна Цярэшчанка, Любоў Анатольеўна Ермакова і іншыя.
Кніга – і сябар, і дарадчык, і настаўнік. Чалавеку ў любым узросце яна стане добрым спадарожнікам у жыцці. Трэба ёй толькі даверыцца і палюбіць.
