ПАЛІЦЫ ПОЎНЯЦЦА
Раней людзі перадавалі свае веды з вуснаў у вусны, потым пачалі маляваць літары і выкарыстоўвалі для пісьма амаль усё, што толькі было магчыма: цагляныя таблічкі, кару дрэва і інш. У старажытным Егіпце для запісу шырока выкарыстоўваўся папірус. Зараз жа мы маем магчымасць карыстацца прыгожымі і каляровымі кнігамі. Для аматараў чытання прапануюцца бібліятэчныя паслугі. Кніжны фонд цэнтральнай раённай бібліятэкі пастаянна папаўняецца. І адчувальную дапамогу ў тым аказваюць жыхары горада. У дар храму Мудрасці перадалі дзесяткі кніг з уласных хатніх бібліятэк сям’я Сяргея і Алены Малюковых, шмат экзэмпляраў друкаванага слова падарылі Уладзімір Аксёнаў, Валянціна Багдановіч, Людміла Трубачэнка, Наталля Мамекіна, Любоў Вадап’янава, Аляксандра Бацанава і іншыя. На паліцах дадаткова з’явіліся раманы, дэтыктывы, класічная літаратура, творы беларускіх аўтараў, тэхнічныя дапаможнікі. Намеснік старшыні райвыканкама Пётр Несцяровіч падараваў установе культуры кнігі з краін Садружнасці. Работнікі цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы выказваюць усім шчырым жыхарам раёна вялікую падзяку за іх дабрачыннасць.
