Юныя таленты Чачэршчыны

Як вядома, зоркі айчыннай эстрады не нараджаюцца знянацку, а выхоўваюцца, шліфуюцца ў працэсе карпатлівай працы і пастаяннай работы над сабой.
Наколькі гэта работа ўдзячная і плённая паказаў мінулы ўнутрышкольны конкурс «Вясёлыя ноткі» на лепшае выкананне музычнага твора. Дэманстрацыя мастацкага таленту выхаванцаў дзіцячай школы мастацтваў прайшла ў форме невялікага канцэртнага спаборніцтва. Ацаніць здольнасці пачынаючых цымбалістаў, балалаечнікаў, баяністаў запрасілі кампетэнтнае журы пад старшынством дырэктара ўстановы культуры Ірыны Карнеенка. Выканаўчае майстэрства, веданне тэксту, музычнасць і артыстызм – тыя крытэрыі, па якіх ішло прадстаўленне юных дараванняў і адбор лепшых нумароў. Вялікае задавальненне адчулі судзейская калегія, бацькі і блізкія тых, хто спрытна вадзіў тонкімі пальчыкамі па струнах гітары і клавіатуры фартеп’яна. Маленькія артысты вельмі стараліся, а разам з імі хваляваліся іх педагогі.
Хвіліны з мелодыямі класічных твораў і эцюдамі вядомых кампазітараў праляцелі незаўважна. Пераможцы атрымалі дыпломы адпаведных ступеняў і невялікія сувеніры, астатніх адзначылі граматамі за ўдзел. Прысутным спадабалася выступленне Дзмітрыя Кручыка, Рамана Арлова, Данііла Рослікава, Валерыі Казловай, Ангеліны Кандрацьевай, Кацярыны Маславай і іншых. Кожны праявіў свае ўменні і спрыт. Але гэта толькі пачатак, сапраўдны талент яшчэ давядзецца раскрыць. А шлях да алімпу славы пралягае праз руплівасць і напорыстасць.
В.БАГДАНОВІЧ.