Прыляцелі лебедзі, селі каля хаты
Прыляцелі лебедзі, селі каля хаты
Пад вокнамі дома Людмілы Іванаўны і Васіля Мікалаевіча Селівестранкаў з Нісімкавіч па вуліцы Савецкай,13 белае царства грацыёзных птушак. Тут і там – выявы лебядзяў, вырабленых на радасць прахожым рукамі гаспадара і яго зяця Дзмітрыя Маслава. Кожную вясну каля хаты зноў нешта «расцвітае», распускаецца і квітнее. Побач з цюльпанамі «выкінулі» бутоны крупныя калакольцы, а там – паднялі галаву насустрач сонейку рамонкі, круглы год у зелені стаяць стромкія пальмы, а па траве «распаўзліся» чырвонабокія божыя кароўкі. Знайшлося месца і для жывых кветак, якія трапна падкрэсліваюць агульную святочную кампазіцыю.
Такія малыя архітэктурныя формы спрыяюць настрою, натхняюць на добрыя ўчынкі, настройваюць на лірычны лад. Сама хата зіхаціць рознакаляровай палітрай светлых фарбаў і здалёк вабіць вока. Адразу відаць, што тут да культуры пражывання адносяцца з фантазіяй і творчым падыходам.
Расправіў крылы бусел
Такая ж маляўнічая карціна вось ужо колькі гадоў запар назіраецца на падворку мужа і жонкі Мудраковых з Бабіч. Гаспадар з задаткамі мастака ўпрыгожыў вароты домаўладання пейзажнымі малюнкамі, выявамі жывёл і птушак, а над дрэвамі вішні застыў у палёце сімвал дабрабыту і мірнага жыцця беларусаў – белы бусел. Гэта вясёлая хата – прыклад аднавяскоўцам і ўсім, хто любіць свой дом і шануе прыгожае.
В.БАГДАНОВІЧ.
