Дзе танец, там душа
Сёння мала чым можна здзівіць нашу моладзь, падрастаючае пакаленне. Нашпігаваныя сусветнай павуцінай рознымі відамі гульняў, падлеткі «завісаюць» у інтэрнэт-прасторы, адхіляючыся ад навакольнага свету і чалавечых стасункаў. Іншы раз цяжка знайсці падыходы да выхавання ў іх пачуцця гонару за сваё паходжанне, родную мову, традыцыйную культуру. Як жа абудзіць у хлапцоў і дзяўчат цікавасць да прыгожага, адарваць ад манітораў камп’ютараў, сфарміраваць іх самасвядомасць і эстэтыку?
Вырашыць гэту сацыяльную праблему ў пэўнай ступені дапаможа народны танец. Менавіта ў ім закладзены асаблівасці нацыянальнага характару, чалавечыя пачуцці і ўражанні. Танец эстэтычна адлюстроўвае прыгажосць фізічную і псіхалагічную, фарміруе ўнутраную культуру і служыць сродкам нацыянальнага і патрыятычнага выхавання. Гэта гаючая вада, якая наталіць душу, прынясе асалоду ад усведамлення сваёй прыналежнасці і да гэтага свету, і да жыцця, і да гісторыі продкаў. Пры пастаноўцы розных танцавальных па ў дзіцяці, па-першае, паляпшаецца самаадчуванне, выпрацоўваецца пластыка цела, шліфуецца ўменне весці сябе на сцэне, набываецца ўпэўненасць, рашучасць, уменне лагічна думаць. А па-другое, танец аб’ядноўвае, дае пасыл для маральнага ўзбагачэння, навучае любіць музыку, абуджае зацікаўленасць да народнай харэаграфіі, стымуліруе вобразнае мысленне і фарміруе духоўна багатую таленавітую асобу.
Трэба сказаць, што высокаінтэлектуальны грамадзянін станоўча глядзіць на навакольнае асяроддзе, не паддаецца маркоце, негатыўным адчуванням і дурным думкам, хутчэй спраўляецца з жыццёвымі перашкодамі. Таксама музыка, танец дапамагаюць справіцца з дрэнным настроем, знімаюць стрэс, навучаюць ветлівасці і прыстойнасці. Падчас рэпетыцый і канцэртных выступленняў у падлеткаў не застаецца месца для шкодных звычак і гультайства. Гэта вельмі важна ў цяперашні час шырокай інфармацыйнай прасторы, адкуль юнакі і дзяўчаты пераймаюць не толькі станоўчыя якасці інстытута чалавека, але і чэрпаюць адмоўную энергетыку, развіваюць такія рысы характару як жорсткасць, насілле, распуста.
Але і гэта яшчэ не ўсё, бо адным з важных момантаў беларускага народнага танца з’яўляецца пераемнасць пакаленняў. Кожны варты сябе беларус павінен ведаць этнаграфію малой радзімы, адметныя каштоўнасці мясцовасці і, канешне ж, культуру і побыт свайго краю. Нездарма кажуць, што ў танцы – уся душа. Сапраўды, праз рухі і мелодыю можна передаць шум ветра і спеў салоўкі, горыч і асалоду, мудрасць і глупства. І тут шыкоўная падстава самарэалізавацца і праявіць талент дзецям сціплым, альбо наадварот – выплюхнуць шквал эмоцый і перапаўняючай энергіі непаседлівых і гарачых.
Танец аб’ядноўвае, гуртуе, выхоўвае, навучае і дазваляе зірнуць на ўсё вакол іншым поглядам. І тое, што ў нас на Беларусі ёсць людзі апантаныя і зацікаўленыя, чыё сэрца прасякнута любоўю да гістарычнай спадчыны, вельмі радуе. Яны памнажаюць бацькоўскую скарбніцу, захоўваюць радавыя карані і прапагандуюць беларускі фальклор. А ці ж гэтага мала для таго, каб пайсці за імі, заслухацца акампанементам традыцыйных мясцовых найгрышаў, закружыць у віхуры феерычнага і запальнага танца жыцця, надзей і радасці.
