Баршчы ды салаты прыгатуе тата
Міжнародны дзень повара 20 кастрычніка адзначаюць работнікі гэтай прафесіі. Сусветная асацыяцыя кулінарных супольнасцяў налічвае дзесьці восем мільёнаў членаў. Ёсць падстава ўспомніць пра гэта свята і чачаранам.
Каб з асалодай падсілка-вацца, многія выбіраюць тыя кафэ і рэстараны, дзе працуюць прафесіяналы. Не сакрэт, што апетытней за ўсё атрымліваецца страва, прыгатаваная намаганнямі мужчыны. У сям’і Ермаковых з Чачэрска абеды і сняданкі гаспадара хаты абажаюць усе. За справу Ігар Васільевіч бярэцца толькі ў добрым настроі, тады ежа стопрацэнтна будзе пальчыкі абліжаш.
― Больш за ўсё люблю гатаваць першыя стравы, – гаворыць мужчына. – Калі пачынаю кашаварыць, жонка хаваецца ў зале. Кажа, што на кухні дужа рэзкія пахі. А для мяне гэта як камплімент, бо выкарыстоўваю шмат прыпраў і зеляніны. Асабліва па душы супчык з мясам на костцы, да густу наварыстая юшка, залацістыя хрусткія дранікі. Мая дачка Яўгенія, якая жыве ў Гомелі, іншы раз тэлефануе і просіць парады, якія дадаць кампаненты ў боршч ці салянку. Кансультую на хаду.
Калі пачынаецца пара восеньскіх нарыхтовак, Ігар каля стала тут як тут: нашаткаваць капусты, нарэзаць агурчыкаў і цыбулі, пацерці моркву, бурак. З-пад яго рук выходзіць незвычайная на смак «ікра заморская» – баклажанавая. У дапамогу чалавеку маецца ў кватэры свая бытавая тэхніка: мульціварка, аэрагрыль, хлебапечка. Між іншым, духмяныя булкі да Вялікадня на стале заўсёды ўласнага прыгатавання. Частуе хатні повар салодкім печывам і калег па працы, і наведвальнікаў чачэрскага тэрытарыяльнага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва, дзе сам працуе. На дэгустацыю трапляюць таксама іншыя вырабы. Вось толькі з дэсертамі Ігар Васільевіч не сябруе: то падгараць, то раскіснуць у духоўцы. Але нічога, была б нагода і, як ён кажа, жаданне. За ўсё неабходна брацца з любоўю, тады абавязкова атрымаецца.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.
