КУПАЛЛЕ НА ЧАЧЭРШЧЫНЕ
«Русалачка, купалачка, край возера купалася. Ой, рана на Йвана…»
Прыблізна такія купальскія матывы разліваліся далёка па наваколлі з гарадскога амфітэатра – гэта на традыцыйнае народнае гулянне заклікалі звечара арганізатары свята. На масавае гулянне сабраліся ўсе, каму дома сядзець надакучыла. Ды хто ж не жадае пабавіцца ў перыяд летняга сонцастаяння і паспытаць шчасця, адшукаць папараць-кветку і ў адзін момант разбагацець. А каго ўдача абыйшла міма, нічога, знахарка і траўніца баба Вольга зусім задарма прапанавала вылечыцца ад фізічнай хваробы і людской «сурокі» звычайным дзедаўскім метадам – карыснымі прыроднымі лекамі, зёлкамі і замовамі. Тут жа русалкі вадзілі карагоды, дзяўчаты пускалі на ваду вяночкі, каб даведацца, адкуль чакаць суджанага. Самыя смелыя скакалі праз вогнішча, жадаючы ачысціць душу і цела ад немачы і паправіць такім чынам здароўе.
Забава каля вады, сярод блізкіх, сяброў – яшчэ адзін спосаб скінуць з плячэй негатыў, «разгавецца» на свежым паветры, падурэць і набрацца сілы, бо назаўтра ж трэба ісці на работу. Дай, Божа, каб у буднія дні працаваць, а ў свята песні спяваць, бо хто добра шчыруе, той і весела святкуе.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.
