МАТЧЫНЫ ПЕСНІ Ў ПАСАГ
Няпраўда, што з цягам часу людзі губляюць аптымізм, блеск у вачах і развітваюцца з запаветнай марай. Проста жаданні набываюць больш рэальны сэнс, а ўчынкі – сутнасць.
Кажуць, у жанчыны пра ўзрост не пытаюць, а каб даведацца пра яе ўнутраны свет, трэба зазірнуць у душу. Загадчык дзіцячага садка №2 Галіна Дарафеева ніколі не здавалася ні абставінам, ні гадам, ні нягодам. Усмешка і ветлівае слова заўсёды пры ёй, а яшчэ – яе песні. Выводзіць ноты яна пачала яшчэ калі толькі-толькі навучылася вымаўляць першыя словы. Паўтарала следам за бабай Надзяй звычайныя напевы лірычных матываў, прыслухоўвалася да пераліваў голасу маці падчас вясёлых і запальных мелодый. Дарэчы, салістку Марыю Трафімаву ведала ўся Чачэршчына, слухала Беларусь, яе жартлівыя прыпеўкі ўмелі развесяліць народ і выклікалі шквал апладысментаў. Такім жа яркім талентам надзяліла Марыя Паўлаўна і дачку. Здольнасці дзяўчынкі заўважыла былы дырэктар дзіцячай школы мастацтваў З.Б.Яроменка, прапанавала пайсці вучыцца па класу баяна, бо Галіна яшчэ да гэтага пачала самастойна іграць на гармоніку. Пасля заканчэння школы выпускніца паступіла ў Гомельскае музычна-педагагічнае вучылішча, дзе працягвала адточваць спеўнае майстэрства.
Галіна Дарафеева – «старажыл» народнага ансамбля народнай песні і музыкі «Чачэрцы». Калі ў 1992 годзе Зінаіда Яроменка запрасіла яе ў склад новага калектыву, пагадзілася без роздуму, хацела праявіць сябе і папрацаваць у падначаленні вопытнага кіраўніка. У гэты ж час здольнай артыстцы прапанавалі стаць удзельніцай толькі што створанага гурта «Чачэрскі гармонік». Адмовіць не змагла, бо палічыла за гонар стаяць плячо да пляча каля спрытных музыкаў і галасістых выканаўцаў. Ды так сэрцам прыкіпела да песні, да гледача, што і цяпер не ўяўляе жыцця без сцэны. За 23 гады перапела столькі куплетаў, што калі б з іх выкласці адну стужку, хапіла б рэпертуару вакол Зямлі дарогу пракласці. Так зараз і крочыць гэтым шляхам. У сям’і яе захапленне ўсхваляюць, бо муж таксама мае пэўную прыхільнасць – здаровы лад жыцця. Ён спяшаецца ў спартыўную школу на трэніроўку, яна – у Дом культуры на рэпетыцыю. А калі разам, то на веласіпедах ці на лыжах.
Люблю спяваць, – прызнаецца Галіна Уладзіміраўна. – Бывае, натомішся за дзень, лёг бы адпачыў, дык не ж – усё роўна на спеўкі бягу, як дзяўчына. На рабоце таксама з дзецьмі танчым і карагоды водзім, выступаю з імі дуэтам. Трэба ж далучаць рабят да вуснай народнай творчасці, вучыць паважаць мудрую і прыгожую песню.
Заўтра ў Г.У.Дарафеевай і яе калег з «Чачэрскага гармоніка» асаблівы дзень – артысты будуць пацвярджаць званне калектыву «народны». Няхай у іх голас не здрыганецца, гармонік не «захліпне» і не сапсуецца настрой. Хто з музыкай сябруе, таму само жыццё спявае.
