ВЯСКОВЫЯ ТРАДЫЦЫІ ЧАЧЭРШЧЫНЫ
Жыхары в.Валосавічы разам з народным фальклорным гуртом «Ажына» масава выйшлі на вуліцу на саракавы дзень пасля Вялікадня, каб правесці абрад ваджэння стралы.
Шматгадовая традыцыя продкаў з мэтай замольвання ад бяды і няўродзіцы, просьбы заступніцтва ўсіх святых ад грому, граду, пажару і іншага прыроднага катаклізму носіць глыбокі цудатворны сэнс. Аўтэнтычны характар народнага абраду вяртае нас у той час, калі людзі верылі толькі ў Божую ласку. Мілагучныя матывы песень, карагоды і замовы на добры ўраджай, ачышчэнне праз агонь і пакланенне духу зямлі – цудадзейная цырымонія язычніцтва, якая шмат стагоддзяў надавала чалавеку веры ва Усявышняга, усемагутнасць слова і спадзяванне на дабрабыт.
Сёння мы толькі захоўваем старыя славянскія традыцыі, не спадзяваючыся на спагаду багоў і цудадзейнасць закляцця. Некалі важная сельскагаспадарчая працэдура, неабходная і звыклая кожнаму вяскоўцу, стала проста элементам візуальнага перамяшчэння ў мінулае, прыгожым гуляннем і настальгіяй па далёкай этнабацькаўшчыне. Але як прыгожа гэта выглядае! І, калі сам становішся ўдзельнікам такой магічнай дзеі, пачынаеш верыць і ў міласэрнасць нябёсаў, і ў сілу малітвы.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.
