У ЖЫЦЦІ ЧАЧЭРШЧЫНЫ ЗНАЧНЫ СЛЕД

БОЛСУН1Чачэршчына багатая на таленты, на яе зямлі нарадзіліся і ўславілі сваё імя сотні працавітых і здольных хлебаробаў, будаўнікоў, культасветнікаў, настаўнікаў і іншых прадстаўнікоў інтэлігенцыі.
Сярод самых вядомых ураджэнцаў раёна – вучоныя, акадэмікі, прафесары. Шлях жыцця і працоўныя здзяйсненні 47 чалавек апісаны ў кнізе Міхаіла Болсуна «Чачэрскі след у навуцы». Напрыканцы красавіка ў літаратурна-мастацкім салоне «Сустрэчы на Замкавай» цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А.І.Герцэна адбылася прэзентацыя новага зборніка члена Саюза пісьменнікаў і Беларускага саюза журналістаў. Падзяліць радасць з Міхаілам Міхайлавічам прыйшлі яго сябры і калегі, у тым ліку старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Уладзімір Гаўрыловіч, які ўручыў складальніку зборніка Падзячны ліст, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, прафесар, заслужаны дзеяч рэспублікі Юрый Плескачэўскі, землякі-вучоныя, а таксама намеснік старшыні Чачэрскага райвыканкама Пётр Несцяровіч. Больш за 30 гадоў аддаў журналісцкай справе наш зямляк, працуючы ў розныя гады на розных пасадах. За плённую працу Міхась Болсун мае дзяржаўныя ўзнагароды і тытулы: лаўрэат прэміі абласнога літаратурнага конкурсу імя І.Мележа, Міжнароднай літаратурнай прэміі Баяна і абласной прэміі імя А.Грачанікава, адзначаны ганаровым знакам Саюза пісьменнікаў Беларусі «За значны ўклад у беларускую літаратуру» і інш.
– Збор матэрыялаў для кнігі патрабаваў вялікай працы, карпатлівага падыходу, працяглага працэсу і, галоўнае, асабістага захаплення і апантанасці ідэяй, – гаворыць П.Несцяровіч. – Дзякуй Міхаілу Міхайлавічу, што ён падараваў раёну такі каштоўны гасцінец, і асобныя словы прызнання ўсім, хто яму ў тым дапамагаў. Лічу, што для нас, чачаран, гэта бясцэнны падарунак. Цяпер след, які пакінулі ў беларускай навуцы нашыя землякі, занатаваны на паперы, і кожны можа прачытаць пра славутых жыхароў Чачэршчыны, каб ведаць і сваіх герояў, і гісторыю роднага краю.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика