Труженики ОАО “Отор” завершают рабочий год с хорошими показателями
Труженики ОАО “Отор” завершают рабочий год с хорошими производственными показателями и передовыми наработками. Нельзя сказать, что эти достижения были легкими. Весна этого года оказалась холодной и затяжной, что повлияло на ход сева ранних яровых культур и внесло коррективы в работу растениеводческой отрасли. Однако аграрии неоднократно доказывали свою способность противостоять любым капризам погоды и принимать эффективные и оперативные меры для достижения поставленных целей.
Текст автором подготовлен на белорусском языке.
Увесь калектыў – пачынаючы ад кіраўніка і да вартаўніка фермы – унеслі свой неацэнны ўклад у справу забеспячэння харчовай бяспекі краіны. Вынікамі працоўных здабыткаў тут ганарацца нездарма, бо за кожнай перамогай, за кожнай тонай малака і мяса, за намалочанымі тысячамі зерневых і зернебабовых культур, назапашанымі кармавымі адзінкамі стаяць людзі, іх штодзённыя клопаты, хваляванні і надзеі, шчырая любоў да зямлі і адданасць любімай справе. Дасягнуць вяршынь славы дапамаглі таксама правільная арганізацыя працы, строгае выкананне тэхналагічных рэгламентаў і нарматываў, тонкае чуццё і прафесійнае майстэрства. І як адзнака прыкладзеным намаганням за ўклад у развіццё галіны АПК – ордэн Працоўнай Славы, якім адзначана Таццяна Струк. Гэта ўзнагарода – падзяка Прэзідэнта за вернасць справе, гаспадарскі падыход і шматгадовыя жаночыя турботы.
У нашай рабоце не бывае дробязяў, – упэўнена Таццяна Аляксееўна. – Кожны працэс – гэта важнае звяно ў ланцугу сельскагаспадарчай дзейнасці. Вялікую ролю адыгрывае вопыт і ўзорнае выкананне сваіх абавязкаў спецыялістамі, бо менавіта на іх плечы кладзецца найбольшая адказнасць за канчатковы вынік прыкладзеных намаганняў. У мяне надзейны і моцны кадравы патэнцыял.

Менавіта дзякуючы правільнаму кіраўніцтву і згуртаванасці калектыву гаспадарка ўтрымлівае высокую планку па ўсіх пазіцыях. Так, валавы збор зерня тут склаў 12 604 тоны пры ўраджайнасці 52,6 ц/га. З палеткаў сабрана 1 374 т рапса пры ўраджайнасці 32,3 ц/га. Назапашана кукурузы на зерне 1 429 тон, ураджайнасць – 95,3 ц/га. На зімова-стойлавы перыяд нарыхтавана 1 763 тоны сена, 14 008 т сенажу і 56 950 т сіласу. Отарскія жывёлаводы за 10 месяцаў атрымалі малака 116 працэнтаў да мінулагодняга ўзроўню. Усё гэта – вынік культуры земляробства, уключаючы аграрна-хімічныя працэдуры і апрацоўку глебы, работа па паляпшэнні структуры севазвароту, а таксама добрага догляду за грамадскім статкам, працоўнай дысцыпліны і якаснага прымянення прафесійных навыкаў. Сярод тых, каму хочацца нізка пакланіцца за старанне і плён, галоўны аграном Юрый Батракоў, на кім трымаецца галіна раслінаводства. Пад яго наглядам саспявае цяжкое калоссе і наліваюцца сокам травы. Ён ведае, дзе пасеяць якую культуру, каб поле ўрадзіла і прынесла добрыя ўзыходы. Разам з зернем у зямлю кладуцца яго хваляванні, талент і кавалачак сэрца. Прыклад адказнасці і кампетэнтнасці паказвае галоўны інжынер Аляксандр Баранаў, дзякуючы якому ў гэтым годзе сяльгаспрадпрыемства стала другім у рэспубліканскім конкурсе мехдвароў. Як дбайны і ўважлівы гаспадар, Аляксандр Валер’евіч заклапочаны тым, каб на замацаваным за ім аб’екце было чыста і камфортна, а для механізатараў меліся ўтульныя бытавыя памяшканні, гаражы і блокі.
Начальнік мехатрада Іван Ядранцаў 10 гадоў кіруе працэсам вытворчай дзейнасці механізатараў і забяспечвае эфектыўную эксплуатацыю машына-трактарнага парка. Кожная адзінка сяльгастранспарту ведае сваё месца, трактары і агрэгаты выстаўлены роўнымі радамі, як па струнцы. А гэта як сведчанне акуратнасці і правільнага захавання тэхнікі. Галоўны энергетык Андрэй Атрашкоў і яго каманда з ліку маладых спецыялістаў-электрыкаў Андрэя Матылькова і Іллі Сільчанкі сочаць за тым, каб не давала збою электраабсталяванне і ўся аўтаматыка на фермах, зернетаках, мехмайстэрні і іншых вытворчых аб’ектах. Сёння моладзь – гэта спецыялісты, а заўтра яны стануць надзейнай зменай, граматнымі і моцнымі прафесіяналамі. І сваю гатоўнасць пераняць працоўную эстафету дэманструюць з зайздросным запалам і тэмпераментам. За маладымі дабрабыт і фінансавая стабільнасць, перспектыўнае будучае сяла. І яно абяцае быць такім.



У жывёлагадоўлі самае важнае – накарміць і стварыць належныя ўмовы ўтрымання мясному і дойнаму пагалоўю. Упраўляючы жывёлагадоўчым комплексам “Отар” Васіль Грамыка не проста кіруе працэсам вытворчасці мясной і малочнай прадукцыі. За 6 гадоў на пасадзе ён стаў часткай вялікага калектыву, а ферма – яго другі дом. Брыгадзіры матнявіцкай і сапрыцкай МТФ Наталля Рогава і Алена Купрыенка таксама на сваім месцы. Наталля Мікалаеўна прыехала ў раён з суседняй Будакашалёўшчыны. Тут знайшла прытулак, работу і павагу. Такім жа прызнаннем і даверам карыстаецца яе калега: Алена Вячаславаўна па-жаночы пяшчотна і карпатліва вядзе справу, заўсёды плячом да пляча з аператарамі машыннага даення і даглядчыкамі. Душой хвалюецца за надоі і прывагі, ды каб прадукцыя была вышэйшага гатунку. Парадак у хлявах, чысціня ў малочных блоках, своечасовае кармленне і подсціл для жывёлы на фермах гаспадаркі забяспечваюцца штодзень.



А вось за тым, каб буронкі і пяструшкі не хварэлі, пільна сочыць галоўны ветурач Уладзімір Назаранка. Малады спецыяліст пасля заканчэння Рэчыцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа прыехаў у Отар па ўласным жаданні. І ніколькі аб тым не шкадуе. Ветурач з увагай і любоўю ставіцца да кожнай рагуні, лечыць і клапоціцца аб іх, што прыносіць гаспадарцы карысць, а клапатліваму “доктару” задавальненне.

Добрай падтрымкай кіраўніцтву гаспадаркі талент і прадуктыўная работа галоўнага эканаміста Алены Казловай – яна правая рука кіраўніка, на якой трымаецца эканоміка і бюджэт гаспадаркі. За стабільную фінансавую стратэгію адказвае выконваючы абавязкі галоўнага бухгалтара Ірына Дударава. Яна хоць і нядаўна займае гэту пасаду, але ўсё, што тычыцца арганізацыі, кантролю і каардынацыі бухгалтарскага ўліку, выконвае на выдатна. У інспектара па кадрам Ларысы Еўстраценкі кожны дзень насычаны работай з дакументацыяй, пастаяннымі кантактамі з людзьмі. Яна не толькі вядзе ўлік асабістага складу сяльгаспрадпрыемства, але і ўмее стварыць у калектыве добрую атмасферу, настроіць на пазітыўны лад.

Ад спецыялістаў і многіх іншых, хто паасобку і разам закладвае падмурак стабільнасці і фінансавай платформы ААТ “Отар”, залежыць агульны дабрабыт і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. “Я шчыра ўдзячна ўсяму калектыву за прафесіяналізм, неабыякавасць і камандны дух, – гаворыць дырэктар Таццяна Струк. – Асаблівая падзяка інжэнерна-тэхнічнаму складу, галоўным спецыялістам, якія не шакадуюць ні свайго часу, ні ведаў дзеля забеспячэння харчовай бяспекі краіны. Вясковая праца патрабуе вытрымкі, моцнага характару, самааддачы, любові да прафесіі і адданасці роднай зямлі. Дзякуючы ўсім гэтым якасцям нам удалося справіцца з намечанымі планамі і вывесці гаспадарку на чарговы віток працоўных перамог. Жадаю вам міру, дабрабыту, здароўя і ўсяго, што робіць чалавека шчаслівым”.

Валентина ПРАНКЕВИЧ
Фото автора
