“ЛІМУЗІНЫ” АДСТВЯТКАВАЛІ НАВАСЕЛЛЕ
У першыя дні новага 2010 года 143 галавы буйной рагатай жывёлы мясной пароды УП “Вазнясенск” пачалі абжываць новае жыллё. Матачнае пагалоўе перавялі на зімовае ўтрыманне на глыбокім посціле ў новае памяшканне фермы “Падлужжа”, дзе догляд за бычкамі і рагулямі ажыццяўляюць тры жывёлаводы. І амаль адразу ж адна з задаволеных пярэставых маці нарадзіла рыжага бычка. Наогул, як расказалі спецыялісты, за тры гады статак БРЖ пароды “лімузін” значна разросся. Жывёла не перабірлівая, малыя цяляткі з”ядаюць увесь рацыён, што ім прапаноўваюць, з вялікай ахвотай і прыбаўляюць у вазе за суткі ў сярэднім па кілаграму. Рагатыя “мігранты” з Брэстчыны нядрэнна прыстасаваліся да жыцця на землях сельгаспрадпрыемства “Вазнясенск” і даюць абнадзейваючыя прыплоды. А ў новых хлявах з натуральным асвятленнем, вокнамі ПВХ і насычаным кармавым сталом ім будзе яшчэ камфортней. Ёсць меркаванне, што хутка шляхам паглынальнага скрыжавання “лімузіна” з чорна-пярэставымі цялушкамі пагалоўе БРЖ гаспадаркі папоўніцца чыстакроўнай пародзістай жывёлай.
На ферме “Падлужжа” плануецца пабудаваць 5 новых памяшканняў для ўтрымання БРЖ. Зараз вядуцца работы па ўвядзенню ў эксплуатацыю другога хлева.
