ДЗЕ жывуць чараўнікі
Дваццаць падлеткаў Чачэршчыны наведалі Рэзідэнцыю Дзеда Мароза.
У сапраўднай цуда-казцы пабывалі чачэрскія дзеці на каталіцкае Раство. У Рэзідэнцыі Дзеда Мароза, якая размяшчаецца ў Нацыянальным парку Белавежскай пушчы, сустракалі гасцей па-зімоваму, нягледзячы на настойлівы дождж. Дэлегацыю Чачэршчыны прадстаўлялі пяцёра дзяцей з Отарскага сацыяльнага прытулку і яшчэ пятнаццаць юнакоў Палескай школы, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы.
З першых хвілін візіту да галоўных навагодніх персанажаў юныя госці адразу акунуліся ў тэатралізаванае прадстаўленне. Чаго толькі не давялося рабіць дзецям пасля таго, як яны прайшлі праз строгіх стражнікаў, што стаялі ля зачыненых варот. Паклікаць Дзеда Мароза, пазнаёміцца з пакоем Снягуркі, сустрэцца з казачнымі ляснымі жыхарамі – ўсё гэта толькі здзіўляла незвычайнасцю. Свае запаветныя жаданні кожны мог выказаць праз уласныя думкі на паляне знакаў задыяка, папрасіць даравання за дрэнныя ўчынкі ля цуда-мельніцы, прысесці на асабістыя сані Дзеда Мароза. Рабяты наведалі музей прыроды і жывёл, сустрэліся з гаспадарамі Белавежскай пушчы – зубрамі і іншымі ляснымі жыхарамі. Салодкія падарункі атрымалі дзеці ў спецыяльнай Скарбніцы. Вочы разбягаліся ад колькасці дасланых пісьмаў з усіх куткоў краіны. Тут заверылі, што на кожнае з іх абавязкова даецца адказ. Але якое ж свята без карагода каля галоўнай прыгажуні краіны. Елка ўзростам у паўтара стагоддзя здзівіла сваёй незвычайнасцю: вышынёй з 9-ці павярховы дом, яна кожны год прыбаўляе ў росце.
Паездка была арганізавана палескімі педагогамі. А за кошт сумы, якую атрымалі маладзёжныя арганізацыі раёна ў выніку правядзення спецыяльнай дабрачыннай дыскатэкі, магчымасць завітаць на казачную тэрыторыю мелі жыхары прытулка. Лідэры маладзёжнага руху спадзяюцца, што падобная паездка стане добрай традыцыяй. Да таго ж, дарыць цуда напярэдадні Новага года тым, хто абдзелены бацькоўскай увагай і любоўю, – даволі прыемная і высакародная справа.
