Многодетная семья из Рогини прописалась в Ровковичах

Фото из архива
Пока одни ищут легкого хлеба в городе, другие не спешат расставаться с сельскими заботами и выбирают жизнь в деревне. Такой выбор сделали для себя и своих детей Марина и Сергей Шехеровы.
Текст автором подготовлен на белорусском языке.

Хоць родам яны з Рагіні суседняга Буда-Кашалёўскага раёна, аднак лёс прывёў іх на чачэрскую зямлю, якой яны служаць шчыра і па-гаспадарску. Так склаліся абставіны, што па прычыне рэарганізацыі мясцовай гаспадаркі вырашылі шукаць новае месца працы і жыхарства. Не доўга думаючы, Сяргей Мікалаевіч накіраваўся да дырэктара ААТ “РоўкавічыАгра” прасіць дазволу на працаўладкаванне. І атрымаў станоўчы адказ. Мужчыну прынялі на работу ў паляводчую брыгаду: трэба ж прыгледзецца да чалавека, ацаніць яго працоўны патэнцыял.
Сяргей Мікалаевіч апраўдаў надзеі і давер кіраўніка. Добра выконвае абавязкі па ачыстцы збожжа на зернетаку, паралельна вучыцца ў Рагачове на механізатара. І пакуль прыціраўся да новага месца жыхарства, у Роўкавічах будаваўся дом для яго сям’і. А яна ў Шэхеравых шматдзетная, бацькі выхоўваюць 4 дзяцей. Таму ўласны сямейны куточак абыйшоўся навасёлам бясплатна – пра камфорт і ўтульнасць паклапацілася дзяржава. Ва ўласнае жыллё Марына Пятроўна пераехала ўслед за мужам больш за паўтары гады назад. Для яе ў гаспадарцы таксама знайшоўся занятак: калі малодшай Сафіі споўнілася 3 гады, жанчыну прынялі на працу асеменатарам па штучным асемяненні ( спецыяльнасць яна атрымала ў Рэчыцкім сельскагаспадарчым каледжы). А акрамя гэтага ў матулі падрастаюць васьмікласніца Валерыя і пяцікласнік Руслан. Самы старэйшы Сяргей вучыцца ў Гомельскім прафесійным каледжы электронных тэхналогій. Зараз хлопец праходзіць практыку ў “РоўкавічыАгра”, сюды ж прыедзе на адпрацоўку. У Сяргея ёсць планы на будучае, аднак пакуль што самае важнае – атрымаць дыплом і па неабходнасці дапамагчы матулі на ферме і дома.
Дарэчы, усе дзеці бацькам у падтрымку, вясковую работу ведаюць і ўмеюць выконваць як трэба: пакарміць парася, дагледзець хатнюю птушку, прапалоць градкі і іншае. Так што, зрабіўшы справу, можна ў законны выхадны адведаць бабулю ў Рагіні або пагасцяваць у хроснай маці ці павесяліцца на дзіцячых горках і пахадзіць у Чачэрску па графскім парку. А яшчэ Шэхеравы прымалі ўдзел у сямейным сельскагаспадарчым конкурсе “Уладар сяла” раённага этапу. І хоць не перамаглі, але творчы іспыт яшчэ больш аб’яднаў іх дружную каманду.
Папаўненнем у роўкавіцкім сяльгаспрадпрыемстве задаволены і члены калектыву, і дырэктар Уладзімір Блатун. Працоўныя рукі заўсёды дарэчы, а яны ў Шэхеравых старанныя і руплівыя, як і самі Сяргей і Марына.
Валентина ПРАНКЕВИЧ
Фото автора