ВАДОХРЫШЧА Ў ЧАЧЭРСКУ
У свята Вадохрышча на беразе в.Святое заўсёды шматлюдна: нехта прыходзіць набраць святой вады з мясцовага вытока, нехта выбраўся з хаты падзівіцца на царкоўную службу, а многія спяшаюцца акунуцца ў халодную палонку, каб такім чынам ачысціцца да грахоў і аздаравіць арганізм.
Сярод аматараў зімо-вага купання – жыхар горада Уладзімір Лукашоў. Мужчына верыць у магічную сілу вады і таму без ваганняў апускаецца ў сцюдзёную сінь пелькі вось ужо больш за 25 гадоў запар. Тройчы накладае на сябе крыж і нырае з галавой. Яго наскрозь пранізвае пякучы холад, але гэта, як сцвярджае мужчына, толькі спярша. Затым прыходзіць асалода, кожная клетачка нібы нараджаецца зноўку і поўнае ласкі цяпло прыемна разліваецца па целе. А іншым разам нават спяваць хочацца.
Я купаюся не толькі на Вадохрышча, – гаворыць Уладзімір Іванавіч. – Займаюся абліваннем круглы год, плаваю часам нават у самы люты мароз. І не лічу гэта нечым звышнатуральным. Нехта п’е гарэлку, знішчае здароўе нікацінам і празмерным ужываннем кавы, а для мяне ранішняя прабежка кіламетраў на пяць і водныя працэдуры напаўняюць душу радасцю, упрыгожваюць карціну дня і служаць нечым накшталт экстрыму, дапамагаюць разнастаіць хатні быт. Пасля гэтага хочацца проста жыць…
У наступны панядзелак на возеры зноў збяруцца людзі, прыбягуць падлеткі, загучаць царкоўныя званы і, стаўшы на калена, старыя бабулі і малыя дзеці абмыюць твары святой вадохрышчанскай вадою, чачаране напоўняць ёю посуд, а самыя смелыя распрануцца дагала і сігануць у бездань. З малітвай да Бога мы пражывём гэты дзень, і няхай Гасподзь спрыяе і нашым думкам, і нашым марам, і нашым справам. Будзьце здаровыя! З надыходзячым святам!
