Труженики ОАО “Отор” работают на чечерской земле дружным коллективом

Наталья Лебедева и Наталья Лимонтова
Сельхозпредприятие “Отор” славится высокими трудовыми достижениями в районе и за его пределами.
Текст автором подготовлен на белорусском языке.
Кожны год гаспадарка займае лідыруючыя пазіцыі на сяўбе і ўборачнай, на нарыхтоўцы кармоў і ў галіне жывёлагадоўлі. А за высокімі лічбамі і вяршынямі стваральнага поспеху стаяць звычайныя людзі: упартыя, загартаваныя і неабыякавыя да роднай зямлі. Усе яны зацікаўлены ў тым, каб кожны кавалачак урадлівай глебы даваў добры ўраджай, а жывёла была сытай і здаровай.
Вопытны механізатар Андрэй Буракоў з любой работай спраўляецца на выдатна. Ці то на апрацоўцы пасяўных участкаў і ўнясенні тукаў, ці падчас касавіцы заўсёды паказвае прыклад. Яго прозвішча штогод сярод пераможцаў на ўборцы кукурузы на зерне і сілас. У перыяд жніва з Дзмітрыем Міхайлавым і ў адзіночку аграрый старанна збірае колас да коласа, любыя задачы па вытворчасці сяльгаспрадукцыі выконвае дакладна, якасна і з душой. Выдатны хлебароб і добры сем’янін, бацька траіх дзяцей – падтрымка і гонар гаспадаркі. Кажуць, на такіх увесь свет трымаецца.

Аналагічныя станоўчыя якасці вылучаюць маладога, але не менш руплівага і настойлівага Дзмітрыя Халдзеенку. Атрымаўшы дазвол на кіраванне сельскагаспадарчай тэхнікай у Кармянскім вучэбна-вытворчым камбінаце, два гады авалодваў земляробчымі навыкамі. Затым павысіў механізатарскія веды ў Рагачове. На Чачэршчыну прыехаў нядаўна і так жа аддана шчыруе на отарскіх надзелах. Галоўнае – любіць, разумець і граматна весці сваю справу, умець пераадольваць цяжкасці і не саромецца прасіць парады і дапамогі ў старэйшых таварышаў. А яны заўсёды падставяць плячо і падкажуць правільнае рашэнне. Надзейнай падтрымкай Дзмітрыю і яго сям’я – моцная, дружная, згуртаваная. Што гэта менавіта так, даказвае той факт, што ў мінулым годзе Халдзеенкі занялі 3-е месца ў абласным этапе маладзёжнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла”, паказаўшы і сваё адзінства, і цёплыя адносіны, і сілу сямейных традыцый. Маладая змена – надзея і апора беларускай вёскі.

Для Дзмітрыя Худалея перыяд прафесійнага станаўлення ўжо пройдзены – сёлета ў аграрыя 15-я гадавіна яго работы на отарскіх палетках. Тут ён накапіў багаты вопыт і авалодаў неабходнымі ведамі, тут атрымаў працоўную кемлівасць, духоўны зарад і яшчэ болей палюбіў тое, чаму прысвяціў сваё жыццё. Дзмітрый неаднойчы выходзіў у пераможцы раённых спаборніцтваў на сяўбе каралевы палёў і азімых культур, быў наперадзе на нарыхтоўцы кармоў з траў першага ўкосу. І наогул любое даручэнне кіраўніцтва выконвае сумленна і з паразуменнем. Вось і сёння яго тэхніка ўпэўнена ходзіць па надзелах з кукурузай, засяваючы сакавітай раслінай гектары плошчы, каб грамадскі статак быў забяспечаны сытнай кармавой базай на ўсю зіму.

Клапоціцца аб роднай зямельцы, сагравае яе сэрцам, позіркам, руплівасцю і стараннай працай Міхаіл Карлоўскі. Ён вырас сярод жытнёвых палёў, упітаў з водарам паспяваючага зерня цеплыню і смак пшанічнага хлеба, прыкіпеў душой да вясковых прастораў, аддае ўсю пяшчоту і сілу мазольных рук шырокім і шчодрым палеткам з духмянымі травамі і залатым калоссем. Разам з іншымі механізатарамі выводзіць сваю тэхніку на пасяўны клін ранніх яравых культур, займаецца ўборкай саломы, тону за тонай прасуе сянажную масу ў стрэйч-плёнку. І на яго твары заўсёды добразычлівая і прыемная ўсмешка. А калі ў чалавека вясёлы настрой, то і любая справа па плячы.

Не менш важная і адказная работа ў жывёлаводаў, якія поруч з хлебаробамі забяспечваюць харчовую бяспеку краіны і напаўняюць прылаўкі магазінаў прадукцыяй жывёлаводства. Дзякуючы іх штодзённым клопатам, якія пачынаюцца з усходам сонца, на нашых сталах досыць і малака, і смятанкі, і мяса. У “Отары” шмат адказных і перадавых работнікаў. Кожнаму – сардэчная падзяка і нізкі паклон за іх кароткія ночы і цяжкія напружаныя дні. Некаторым жа асаблівая пашана і ўдзячнасць. У аператара машыннага даення Наталлі Лебедзевай насычаныя вясковымі турботамі будні пачаліся ва ўзросце 15 з паловай гадоў, калі яна надаіла свае першыя літры сырадою ад кароў на палескай ферме. Прыехаўшы ж з сям’ёй у ААТ “Отар” у 2002 годзе, таксама вызначылася зайздроснай працавітасцю. У яе групе 55 галоў дойнага статка. Усіх рагуль ведае, як кажуць, у твар. А да асобных адносіцца з найбольшай любоўю: Маруська, Красава, Любачка-лізуха і Муська карыстаюцца пераважнай увагай сваёй гаспадыні. Яны чакаюць яе лагоды і пяшчотнага пагладжвання па шэрстцы. Але Наталля імкнецца не пакрыўдзіць і астатніх. Калі не лёгкім дотыкам рукі, то хоць ласкавым словам стараецца задобрыць сваіх падапечных. І яны з лёгкасцю адгукаюцца на чалавечую ўвагу – штодзень даюць па 20 літраў сырадою. У цэлым жа валавы надой у месяц ад буронак Наталлі Лебедзевай складае ў сярэднім 32 тоны белага золата. Яе калега, даглядчыца жывёлы на дарошчванні Наталля Лімантава, не менш пільна сочыць за ўтрыманнем і станам здароўя рабых цялушак. Жывёла ва ўзросце ад 6 месяцаў да года знаходзіцца пад яе пастаянным наглядам. Жанчына забяспечвае пагалоўе дастатковым харчаваннем, каб на кармавым стале жывёлы меліся вітамінізаваныя кармавыя дабаўкі, былі вада і сухі подсціл. Пры такіх умовах утрымання цялушкі даюць 700 і болей грамаў сярэднесутачнай прывагі.
– Вясковыя турботы патрабуюць не толькі сілы рук і строгай дысцыпліны, галоўнае – любіць сваю справу, быць ёй адданым і, што не менш важна, усё рабіць дружным і згуртаваным калектывам, – дае адзнаку працоўным здабыткам дырэктар сяльгаспрадпрыемства Таццяна Струк. – Зямля патрабуе гаспадарскага падыходу, увагі і беражлівых адносін, не церпіць абыякавасці і ляноты. Скажу, што ў нас моцная каманда, кожны знаходзіцца на сваім месцы, добра ведае і так жа выдатна выконвае службовыя абавязкі. Я дзячу ўсім за іх руплівую працу, за цярпенне і высокі прафесіяналізм. Нашы дасягненні – вынік сумеснага клопату і любові да зямлі.
Валентина ПРАНКЕВИЧ
Фото автора