Трудовая слава полевода Екатерины Лимонтовой

Екатерина Лимонтова.
За возрождение сельского хозяйства, достижения в промышленности, в сфере культуры, образования и медицины, за верность избранному делу многие жители Чачерщины удостоены высоких государственных наград. Среди них – передовой полевод бывшего колхоза “Сцяг камунізму” Екатерина Лимонтова.
Текст автором подготовлен на белорусском языке.
У сям’і Аляксандра Маскаленкі з Іпалітаўкі было пяцёра дзяцей. Кацярына нарадзілася ў 1926 годзе – напярэдадні ўсеагульнай калектывізацыі і ў перыяд актыўнага будаўніцтва жыцця на вёсцы. Каб пракарміць сям’ю, бацькі ад цёмнага да цёмнага шчыравалі на лугах і палетках, завіхаліся на ўласных надзелах. А разам з імі і дзеці. З маленства ўцягнулася ў вясковыя клопаты і Кацярына Аляксандраўна. Спачатку дапамагала маці з татам, затым і сама пайшла на свой хлеб. А хутка і сямейнае жыццё наладзілася. З мужам Андрэем пабудавалі дом у Новазахарполлі, абзавяліся хатняй гаспадаркай, нарадзілі двух сыноў. Але неўзабаве прыйшла бяда – калі малодшаму Міколку было 12 гадоў, муж раптоўна памёр. Маладая ўдава вымушана была адна клапаціцца пра будучае хлопчыкаў. І яна з галавой пагрузілася ў працу. І не толькі таму, што неабходны былі грошы. Кацярына Аляксандраўна не ўяўляла свой лёс без штодзённых турбот і клопатаў. Яшчэ і сонейка не ўстала, а жанчына ўжо спяшалася ў калгасную кантору на нарад. На пасяўной і ўборачнай, каля буртоў з бульбай і на сенажаці – яна першая. На падборцы лёну і праполцы буракоў брала пайку на сябе і яшчэ на дзяцей, каб зарабіць большую «капейку». Здавалася, і стома яе не брала. Калі ўправіцца на выдзеленых участках, хуценька бегла дапамагаць суседзям. Сын Мікалай успамінае: «Маці настолькі любіла працу, што нават на адпачынак часу не знаходзіла. Казала, лепш на работу, чым у царкву ці на гулянне. Хаця сама добра спявала і нават выступала ў мастацкім калектыве на раённых святах, вадзіла карагоды на Купалле. Відэазапіс тых канцэртаў я беражліва захоўваю як рэліквію». А яшчэ палявод і звеннявая з’яўлялася дэпутатам мясцовага і раённага Саветаў дэпутатаў некалькіх скліканняў, што прымушала быць прыкладам іншым і рабіць па 280 працоўных выхадаў у год.
Нястрымная прага перадавой сялянкі і любоў да зямлі не засталіся незаўважнымі. Яе прозвішча неаднаразова заносілі на калгасную і раённую Дошкі гонару. За добрасумленную працу Кацярына Лімантава ўзнагароджана ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга. На рахунку яе здабыткаў медалі «За працоўную доблесць» і да 100-годдзя з дня нараджэння У.І.Леніна, а таксама два нагрудныя значкі пераможцы сацыялістычнага спаборніцтва і Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР. Ад грамадскага жыцця Кацярына Аляксандраўна не адмовілася нават калі выйшла на заслужаны адпачынак. Палола буракі, перабірала бульбу, пратручвала збожжа і рабіла шмат чаго іншага. А дома яе чакалі хатнія турботы, ды яшчэ дапамагала сыну гадаваць унукаў. Іх жа ў бабулі Каці сёння 5 і 9 праўнукаў. На жаль, самой перадавой работніцы ўжо няма – Кацярына Аляксандраўна пакінула гэты свет роўна 14 гадоў таму. Але засталіся адбіткі яе спраў, добрае імя ды светлая памяць пяшчоты матуліных рук.
Валентина ПРАНКЕВИЧ.