У жительницы Чечерщины Веры Гулевич и в 85 на сердце праздник, а в душе – весна

Вера Гулевич.
У жительницы деревни Рудня-Нисимковичская Веры Гулевич в молодости в руках «все горело». То ли это работа по хозяйству, то ли заботы на грядках, или любимое занятие по вышивке и изготовлению ковриков – любое дело спорилось.
Текст автором подготовлен на белорусском языке.
Вясковай жанчыне хапіла ўсяго за гады яе жыцця. А Веры Кузьмінічне ні многа ні мала – на днях споўнілася 85. У сялянскай сям’і Кузьмы і Ганны Гулевічаў з Усошнага было трое дзяцей. Вера была самай малодшай. А калі з вайны вярнуўся бацька, нарадзілася яшчэ чацвёра і яна стала старэйшай, бо брат памёр, а сястра Таццяна стварыла ўласную сям’ю. Для сястрычак-двайнят наогул была як нянька, бо тата працаваў брыгадзірам і цэлымі днямі – на калгаснай рабоце. А маці то хварэла, то за кроснамі і ткацкім станком. «Ой, і цяжка было нам, – уздыхае жанчына. – У пасляваенны час ратаваліся ад голаду, збіраючы гнілую бульбу, смакталі мядок з канюшыны, елі пупышкі з ліпы, шчаўе і іншую зеляніну. Каб купіць адзенне, збіралі і прадавалі нарыхтоўшчыкам лекавыя расліны і іх карані, грыбы і ягады, дралі лазовую кару. Давялося мне і лес рэзаць, калі будавалі новую хату. Як толькі выжылі, не ведаю…»
Калі дзяўчына падрасла, выйшла замуж за хлопца, які сядзеў з ёй за адной партай. Нарадзілі трох дзяцей. Кузьма Кузьміч працаваў трактарыстам, а Вера Кузьмінічна ўладкавалася ў Нісімкавіцкую бальніцу санітаркай, потым – кухоннай рабочай. У вясковай пякарні 10 гадоў выпякала хлеб. А на заслужаны адпачынак пайшла з пасады загадчыка сельскага клуба. І каб не было сумна на пенсіі, знайшла карысны занятак руплівым рукам. Пазайздросціла сястры Таццяне і пераняла карысны вопыт: у вольную хвіліну – з кручком і іголкай.
Тут і там у пакоях вышываныя ручнікі і падузорнікі, вязаныя сурвэткі і посцілкі на канапу, аздобленыя яркім, квяцістым узорам абрусы і накідкі на падушкі. Кожны выраб, выкананы яе спрытнымі пальцамі, пранізаны жаночым цяплом і пяшчотай. У хаце таленавітай і апантанай майстрыцы вось ужо болей за 30 гадоў зіхацяць усімі колерамі ружы, валошкі макі, півоні, рамонкі. Праўда, зараз рукадзеллем займацца не хапае сілы. Сваё здароўе Вера Кузьмінічна пакінула на бульбяных надзелах і сенажацях, на лясных дзялянках і каля гарачай печы. А яшчэ 4 гады даглядала нехадзячую свякроўку, завіхалася каля хворага мужа. Клапацілася аб дзецях, балела сэрца за ўнукаў і праўнукаў, якіх у яе 12. Вось тое сэрца цяпер і ные. Але душа па-ранейшаму просіць і працы, і песні, і вясны, і свята. Таму на яе стале заўсёды знойдзецца пачастунак для гасцей, а ў палісадзе каля хаты кусты прыгожых кветак, як сімвал аднаўлення, жыцця, настрою і прыгажосці.
Валентина БОГДАНОВИЧ.
Фото автора.