ЗАХАВАЛЬНІЦА СКЛАДСКОЙ ГАСПАДАРКІ

Даўно сціхлі сушыльныя ўстаноўкі на зернетаках, але ж для руплівых аграрыяў занятак знойдзецца заўсёды. Вось, напрыклад, ад вучняў Палесскай школы прыйшоў ліст пра дзейнасць лепшай сельскай працаўніцы. І вельмі прыемна, што прадстаўнікі падрастаючага пакалення паважаюць сялянскую працу і імкнуцца расказаць пра тых, хто з’яўляецца для іх прыкладам.
Ужо 10 год, як спраўна ладзіць рабочы працэс у межах сваіх абавязкаў загадчыца цэнтральнага складу мінеральных угнаенняў КСУП «Палессе» Надзея Дудкіна, якая за гады працы на даручаным ёй месцы як ніхто іншы ведае аб усіх нюансах і цяжкасцях, якія датычацца арганізацыі складской гаспадаркі. У гарачую пару уборкі збожжа на дапамогу мясцоваму сельгаспрадпрыемству выклікаліся школьнікі. Пад кіраўніцтвам кемлівай Надзеі Пятроўны васьмёра старшакласнікаў старанна працавалі на зернетаку, за што атрымалі грашовыя прэміі ад прадпрыемства. Такая ўзнагарода стала для вучняў своеасаблівым стымулам, каб прыйсці на дапамогу гаспадарцы і ў наступным годзе.
Сялянскія турботы добра знаёмыя і дзецям Н.Дудкінай. Напэўна таму, працягваць справу бацькоў вырашыў сы н, які атрымлівае вышэйшую адукацыю ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. А вось дачка абрала для сябе зусім іншую сферу – яна студэнтка Гомельскага дарожна-будаўнічага каледжа. Хай для ўсіх працаўнікоў сельскагаспадарчай нівы, якія не шкадуюць сваіх рук і моцы і забяспечваюць наш агульны дабрабыт, будзе неба чыстым, а стол багатым.
