ДУША, ЯКАЯ СПЯВАЕ

Дзякуючы культработнікам не сумуюць і жыхары вёскі.
На багатай традыцыямі меркулавіцкай зямлі воляй лёсу аказалася 16 гадоў таму Л.Казлова. Сама яна родам з Казахстана, але з беларускім менталітэтам зжылася адразу, полюбіла і народныя песні, і людзей, якія з адкрытай душой сустрэлі калегу. На радзіме Людміла Аляксееўна працавала выхавальніцай у дзіцячым садку. Па яе меркаванні, гэтыя прафесіі шмат у чым перагукваюцца. І раней даводзілася складаць сцэнарыі, ладзіць ранішнікі, арганізоўваць святы… Заставалася толькі пераключыцца на дарослую аўдыторыю – і ўсё атрымалася. Заўсёды з людзьмі, з усмешкай, з добрым настроем – такой ведаюць Людмілу Казлову гледачы і суседзі, нават дамачадцы не ўяўляюць свайго жыцця без штодзённых творчых пошукаў. Муж Васіль – гарманіст, дачка Любаша добра валодае голасам.
Трэці год Людміла Аляксееўна ўзначальвае ўстанову і ўпэўнена адзначае, што ў супрацоўніцтве можна дабіцца поспеху. Традыцыйна праводзяцца сумесныя мерапрыемствы са школай, бібліятэкай, ФАПам. Фармат маладзёжных дыскатэк не зусім звыклы. Часам юнакі і дзяўчаты, натанцаваўшыся, просяць спыніць папулярную музыку і сыграць на гітары. Безумоўна, у калектыве шмат цікавых асоб. Музыкант, аўтар песень Іван Яшкоў, майстрыца Галіна Газенка, Валянціна Лявончыкава, мастацкі кіраўнік фальклорнага гурта «Меркулавіцкія вячоркі», у склад якога ўваходзяць дзве шматдзетныя маці: Валянціна Огаль і Святлана Казлова. Два разы на тыдзень прыязджае выкладчыца дзіцячай школы мастацтваў Лілія Пярынская, якая займаецца з падрастаючымі вяскоўцамі па класе «фартэпіяна».
Не кожны сельскі Дом культуры можа ганарыцца вялікай колькасцю гасцей. Тут заўсёды адчынены дзверы не толькі для традыцыйных, дзяржаўных свят, але і сямейных: адзначаюцца юбілеі і вяселлі. На Каляды ў кожнай хаце чакаюць завадных культработнікаў у каларытных касцюмах, з добрымі пажаданнямі ды тэматычнымі песнямі. А пра «Дом Ледзянога Дзеда» ўвогуле вядома многім за межамі раёна. Падрыхтоўка да сустрэчы гасцей ідзе ўжо зараз поўным ходам. Уся каманда ЦСДК, як верныя сябры свайго знакамітага суседа, акунулася ў чароўную справу. Скажу па сакрэту, і журналістам дастаўся невялікі, але запамінальны сувенір гаспадара Новага года. Хоць і ранавата, ды так прыемна трымаць у руках кавалачак казкі.
Меркулавіцкія культработнікі запрашаюць ўсіх часцей наведваць мерапрыемствы, падпяваць у такт, не шкадаваць апладысментаў для артыстаў і самае галоўнае, каб кожны змог раскрыць свой талент.
