НІБЫ РЭЧАНЬКА, ПЕСНЯ ЛІЛАСЯ

Іскрамётна і жвава прадставілі сваё выступленне артысты Залескага сельсавета падчас справаздачнага канцэрта ў рамках вечара-партрэта.
Вядучыя ў сваім дыялогу закранулі ўсе сферы і структуры жыццядзейнасці, што функцыянуюць на іх засажэўскай тэрыторыі, а старшыня Савета Н.Шаўцова правяла кароткі экскурс у гісторыю сельсавета, заснаванага яшчэ ў 1917 годзе. І адна з галоўных каштоўнасцяў, якой можна ганарыцца, – гэта старанныя і нястомныя рукі залясчан, іх адкрытыя сэрцы, крылатыя мары, цвёрды характар і талент.
Як пацверджанне сказанага – завадныя песні і танцы, што бавілі народ і цешылі душу сваім тэмпарытмам і вясёлым настроем. А яшчэ прозвішчы паважаных працаўнікоў вёскі: дырэктар ААТ «Звязда» Г.Трыбунах і яе намеснік А.Серыкава, загадчыца Бяляеўскай бібліятэкі-клуба М.Іванова і бібліятэкар Залескай бібліятэкі М.Хрысціна, загадчыца Залескага ККЦ Н.Лукомская, фельчары К.Рудзянкова і А.Маслава, начальнік паштовага аддзялення сувязі Н.Акінша, хлебаробы і жывёлаводы гаспадаркі і іншыя. Для ўсіх знайшлося і добрае слова, і шчырая віншавальная песня. Між іншым, не толькі ў працы, але і на сцэне паказалі сябе ў лепшым выглядзе перадавікі вытворчасці. Скажам, вельмі запамінальным было сольнае выступленне Алены Серыкавай. Падкрэслілі сваю нацыянальную годнасць у танцы «Рэчанька» маленькія артысты, кружылі ў беларускім карагодзе «Лянок» удзельнікі Залескага народнага хору.
Наогул, уся святочная дзея была прасякнута цеплынёй і багаццем культурнай спадчыны. Важна адзначыць трапна падабраны рэпертуар, які не даваў гледачам сумаваць. Хаця на гэты раз аматараў народнай творчасці на мінулым культурным мерапрыемстве было няшмат. І на жаль, бо канцэрт атрымаўся вельмі ўдалы і прайшоў на адным дыханні.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.
