Народны каляндар: «Паехала каляда з канца ў канец…»
Фота з архіву.
Па традыцыі вечар з 13 на 14 студзеня ў народзе называюць Шчодрым, або Шчадроўка, Шчодрык, Багатая куцця. Згодна звычаю, ад хаты да хаты ходзяць калядуючыя з песнямі, музыкай і віншаваннямі.
Гэта народнае свята славян карыстаецца ў беларусаў папулярнасцю. Яго святкаванне паходзіць ад старажытнага дахрысціянскага звычаю. Лічыцца, што яно ўтварылася ад слова «кола», што азначае «сонца». Каляды звязваліся з днём першага зімовага сонцастаяння і сімвалізавалі пачатак новага году – як сонечнага, так і сельскагаспадарчага. На Каляды група моладзі, дзеці і дарослыя шчадруюць пад вокнамі, заходзяць у хаты і ўслаўляюць гаспадароў, іх дзяцей і гаспадарку. Галоўныя персанажы калядавання, у якіх апраналі хлопца ці дзяўчыну, гэта Шчодра, Мядзведзь, Бусел ці Жораў. Часта для настрою і ўпрыгожвання тэатралізацыі шчадравікоў суправаджаюць «цыганы». Калядныя персанажы могуць быць і іншымі, але амаль паўсюдна на Беларусі водзяць Казу – сімвал шчасця, багацця і дабрабыту. Ролю механошы, які збірае і носіць гаспадарскія дараванні, давяраюць дужаму хлопцу або таму, хто не ўмее спяваць.
У чым жа сэнс і матывацыя дадзенага абраду? Трэба ўсведамляць, што гэта не проста жаданне атрымаць грашовыя паднашэнні або кавалак сала. Калядоўшчыкі па сутнасці праводзяць магічны рытуал – яны адганяюць сваімі песнямі і карагодамі нячыстую сілу, служаць праваднікамі паміж вышэйшымі сіламі і людзьмі. Сэнс такой дзеі – ушанаваць гаспадароў, пажадаць ім добрага ўраджаю, папрасіць для іх у Бога здароўя і багацця і атрымаць за гэта пачастункі. Чым больш віншаванняў і чым яны натуральней, тым шчадрэйшымі будуць падарункі. Бывае, што да хаты просяцца некалькі груп калядоўшчыкаў. У такім выпадку ўладар хаты мае права прыняць да 3 гуртоў валачобнікаў. А потым на дзверы вешаюць блін – рытуальны сімвал сонейка і кругазвароту жыцця, як знак, што ў хаце ўжо пабывалі госці. Трэба ведаць, што Каляды, або Васілле, звязваюць з царкоўным святам – днём памяці архіепіскапа Васіля Вялікага, які быў гатовы цярпець нягоды і ахвяраваць сваё жыццё дзеля ісціны Хрыстовай.
На іншых падворках калядоўшчыкаў чакаюць з нецярпеннем, каб яны сваім прыходам асвяцілі хату, адагналі цёмныя сілы, сталі парукай на цяжкі колас і добрае здароўе. Таму, адпраўляючыся шчадраваць, трэба загадзя падрыхтавацца – вывучыць песні, вершы, прыхапіць васьміканцовую віфліемскую зорку і, галоўнае, ад чыстага сэрца і з адкрытай душой пажадаць у кожную хату міру, спакою, дастатку і даўгалецця.
В.БАГДАНОВІЧ.
