ІМГНЕННІ РАДАСНАГА СВЯТА

Нібы старых знаёмых сустракалі чачаране на мінулым тыдні знакамітых спевакоў і музыкантаў падчас творчага свята беларускай музыкі “Чачэрскія сустрэчы”. Асноўнымі фігурантамі былі, канешне ж, мастацкі кіраўнік маэстра Фінберг і эстрадныя зоркі, сярод якіх вядомыя артысты Наталля Тамэла, Таццяна Глазунова, Аляксандр Салаўёў, Галіна Грамовіч і іншыя, а таксама маладыя выканаўцы, што выступалі на падмурках чачэрскай сцэны і прадстаўлялі свой творчы талент упершыню. Гэта быў 191 фестываль, які праводзіў Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі па 18 гарадах нашай краіны.
У восьмы раз жыхарам раёна прапанавалася сутыкнуцца з чароўнымі гукамі класічных мелодый і высокім спеўным мастацтвам. Канцэртныя залы Роўкавіцкага ЦСДК, дзяржаўнага прафесійнага ліцэя і кінаканцэртнага цэнтра “Акцябр” напоўніліся шырокім дыяпазонам лірычных і мажорных найгрышаў. Хвілінай маўчання і вядомымі тэматычнымі музычнымі нумарамі была аддадзена даніна павагі ветэранам Вялікай Айчыннай і ўшанавана памяць загінуўшых на франтах вайны. Хоць і не зусім палітычна стабільная абстаноўка сёння ў суседняй Украіне, але песні гэтай дзяржавы, як заўважыў Міхаіл Фінберг, адны з пранікнёных і цудоўных – ім таксама знайшлося месца ў канцэртнай праграме. Удзячныя слухачы моцна апладыравалі і выклікалі на “біс” вакалістаў фестывалю, а жывыя кветкі ў падарунак кожнаму з салістаў дапаўнялі атмасферу гасціннасці і добразычлівасці прыемнымі момантамі. Свята песні ўзрушыла і натхніла, ніхто не застаўся абыякавым у той казачны вечар, і атрымаў унутраны зарад бадзёрасці і духоўнае задавальненне.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.
