Фантазіі і рэаліі ў работах Святланы Раманавай

У раённай цэнтральнай бібліятэцы прайшла творчая сустрэча з мясцовым мастаком і паэтэсай Святланай Раманавай.

Малая радзіма Святланы – невялікая ціхая вёсачка Покаць. Там яна нарадзілася і адтуль пачаўся яе шлях у самастойнае жыццё. Пасля школы скончыла факультэт журналістыкі БДУ імя У.І.Леніна, факультэт эстэтычнай адукацыі БДУП імя Максіма Танка, вучылася ў аспірантуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтва па спецыяльнасці «Выяўленчае мастацтва і архітэктура». Працавала карэспандэнтам газеты «Інтэграл» і настаўнікам выяўленчага мастацтва ў мінскай пачатковай школе №198. Зараз выкладае ўрокі жывапісу, малюнка і кампазіцыі ў сталічнай дзіцячай школе мастацтваў №1. Аўтар шматлікіх публікацый на тэму культуры і мастацтва ў беларускіх перыядычных выданнях. Яе вершаваныя творы выдаваліся ў часопісах «Бярозка», «Першацвет», «Роднае слова», «Дзеяслоў», а таксама ў іншых паэтычных зборніках і альманахах. У 2013 годзе выйшлі ў друк яе вершы «Смарагдавы рай», а ў 2021-м свет пабачыла кніга твораў Святланы Раманавай «Скажы добрае слова».

Пісаць вершы наша зямлячка пачала яшчэ ў дзяцінстве. На паэтычную лірычную хвалю яе настройвала сама прырода: духмяныя пахі лугавых траў і свежай хвоі, спеў жаўрука і галасістага салоўкі на зары, шум ветру і ціхі шэпт беластволых бяроз. Але яшчэ раней яна захапілася маляваннем. Калі не было алоўка ці фарбаў, выводзіла тонкай галінкай цікавыя ўзоры і сілуэты людзей, вясковыя вобразы проста на пяску. Дзяўчына прагнула мастацтва, у шматлікіх формах і колерах хацелася выліць на маленькі аркуш паперы тую любоў і святло пачуццяў, якія выношвала ў душы і што капіліся на сэрцы. З цягам часу яе мары і памкненні ажыццявіліся. На сустрэчы наша зямлячка прапанавала аўдыторыі свае аўтарскія работы – выставу карцін пад агульнай назвай «Фарбы часу». Выведзеныя таленавітай рукой мастака пейзажы і нацюрморты, партрэты блізкіх і дарагіх ёй людзей адлюстроўваюць радасць жыцця, эмоцыі лета і холад зімы, пяшчоту верасня і мелодыю сонечных промняў. У Святланы Раманавай гэта не першая выстава жывапісу. Акрамя персанальных, яна ўдзельніца аналагічных акцый «Суседзі», «Адлюстраванне часу», «Я Манэ Я Шышкін Я Малевіч» у Мінску. На Веткаўшчыне ў сааўтарстве з сястрой Ларысай былі прадстаўлены яе работы на выставе бортніцтва, пчалярства і жывапісу «З надзеяй на ўваскрэсенне». Мастак і паэтка прызналася, што яе шчасце – у творчасці, у раскрыцці нацыянальнай самаідэнтыфікацыі і прыналежнасці да таго месца, адкуль пайшоў увесь яе род.

«Трэба несці людзям святло, рабіць дабро і радаваць свет сваім талентам і мастацкімі здольнасцямі», – заклікала напрыканцы сустрэчы ўсіх прысутных Святлана і ў знак павагі ахвяравала раённай бібліятэцы адзін са сваіх зборнікаў вершаў і пакінула на агляд наведвальнікаў выставу карцін – прыходзьце, цікаўцеся і атрымлівайце асалоду.

Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика