Храналогія падзей і подзвігу танкіста Леаніда Гаўрылава

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Вайна забрала жыцці многіх чачэрскіх абаронцаў Радзімы. Ахвяраваў сабой і наш зямляк, ураджэнец вёскі Бердыж, беларускі савецкі паэт Леанід Гаўрылаў. Доўгі час месца яго гібелі было невядомым. Але праўда адкрылася. Пра тое, як усё адбывалася, нам распавядаў у дасланым лісце жыхар аграгарадка Дзярэчын Гродненскай вобласці Алег Януль.

24 чэрвеня 1941 года імкліва наступаючыя войскі вермахта падцягнулі і хутка сканцэнтравалі вялікія сілы артылерыі і танкаў у раёне ўзвышша каля мястэчка Дзярэчын, паміж ракой Зальвянкай і вёскай Алексічы. Вораг хутка ўзяў пад свой кантроль адзіную і ўжо брукаваную на той час шашу Масты-Дзярэчын, праз якую раз-пораз у поўным беспарадку адступалі абяскроўленыя ў жорсткіх і няроўных баях атрады байцоў і тэхнікі Чырвонай арміі. Спешна адступаючая калона з часцей 10-й арміі генерал-маёра Д.К. Голубева, а таксама 3-й арміі генерал-лейтэнанта В.І. Кузняцова, абсалютна не ведаючы аб засадзе немцаў, адыходзіла з боку Мастоў і паўночна-усходняй часткі Ваўкавыскага раёна, намерваючыся далучыцца да дзярэчынскага гарнізона, каб затым даць немцам вялікі бой за Дзярэчын. Але фашысты апярэдзілі нашых і, удала выкарыстоўваючы дарогу Дзярэчын-Мілявічы, нечакана ўдарылі па нашай калоне. Не без дапамогі даволі шматлікага нямецкага дэсанта, які быў выкліканы ворагам, калона савецкіх войскаў у ноч з 24 на 25 чэрвеня 1941 года была поўнасцю знішчана. Шквальны агонь фашысцкай артылерыі і танкаў цалкам накрываў як стратэгічную шашу Масты-Дзярэчын, так і прылягаючую вёску Алексічы. І ў гэтым пекле адзіны і ўжо падпалены савецкі танк Т-34, які вёў механік-вадзіцель 42-га танкавага палка 23-гадовы сяржант Леанід Гаўрылаў вырваўся з радоў практычна знішчанай савецкай бронетэхнікі і з боем рушыў праз поле пад жудасным артабстрэлам немцаў у бок маладога лесу, дзе акапаліся танкі і батарэя ворага. Менавіта там, «навёўшы адпаведны парадак на нямецкіх пазіцыях», ён сустрэў апошнія імгненні свайго кароткага, ды слаўнага жыцця. На жаль, канкрэтная магіла Леаніда Гаўрылава на сёння не ўстаноўлена. Жыхарамі мястэчка Дзярэчын, вёсак Алексічы і Мілявічы героі былі пахаваны ў дзвюх брацкіх магілах. Дзесьці ў сярэдзіне мінулага стагоддзя на адной з брацкіх магіл, практычна на граніцы Зэльвенскага і Мастоўскага раёнаў, мясцовымі ўладамі быў устаноўлены помнік-абеліск, па зразумелай прычыне – без пераліку імёнаў загінуўшых.

«Выконваючы свой грамадзянскі і чалавечы абавязак, схіляючы нізка галаву ў найвышэйшай і найвялікшай павазе перад вялікім і светлым подзвігам земляка-беларуса, героя-танкіста Леаніда Гаўрылава, а таксама соцен байцоў, якія склалі галовы за маю шматпакутную радзіму, за мой Дзярэчын, сёння я на каленях прысвячаю ўсім загінуўшым жар свайго сэрца, свой чалавечы боль, свой вялікі смутак, сваю споведзь», – піша ў канцы ліста Алег Міхайлавіч.

Падрыхтавала В.БАГДАНОВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика